Дыпламатычныя чытанні прайшлі на 1 курсе спецыяльнасці "Менеджмент (у сферы міжнароднага турызму)".
Так, 20 кастрычніка з дакладам «Параўнанне фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў Вялікабрытаніі і Беларусі» выступілі Максім Юспа і Алеся Бурык.
А 22 кастрычніка Лізавета Шацікава ў сваім дакладзе закранула тэму «Уплыў сацыяльных сетак на жыццё людзей, асноўныя функцыі сацыяльных сетак».
Пасля дакладу пачалася ажыўленая дыскусія. Прысутныя абмяркоўвалі пытанне выкарыстання інавацыйных тэхналогій і дадаткаў у акадэмічных мэтах, а менавіта, ці карысна выкарыстанне Google і Yandex перакладчыкаў у працэсе вывучэння замежных моў.
Дыскусію адкрыла Каваленка Анастасія, выказаўшы думку аб тым, што новыя тэхналогіі і перакладчыкі бескарысныя для вывучэння замежнай мовы, бо мы перастаем запамінаць новыя словы і канструкцыі, таму што ў нас заўсёды пад рукой ёсць смартфон з перакладчыкам. Дар'я Захаркевіч паспрабавала пераканаць нас, што перакладчыкі on-line і сацыяльныя сеткі эфектыўныя для вывучэння замежнай мовы.
Вынік дыскусіі падвяла Багдановіч Ганна. Удзельнікі прыйшлі да меркавання, што перакладчыкі карысныя для турыстаў і замежных грамадзян, таму што дапамагаюць спрасціць працэс камунікацыі. У акадэмічных жа мэтах варта больш спадзявацца на слоўнікі, а выкарыстанне перакладчыкаў можа быць малаэфектыўным, і нават контрпрадуктыўным. Мы, студэнты, павінны заўсёды гэта памятаць, нават тады, калі спяшаемся зрабіць хатняе заданне па замежнай мове.
Абмеркаванне прапанаваных тэм атрымалася актыўным і цікавым.
Ганна Багдановіч, студэнтка 1 курса
Дакладчыкі: Максім Юспа и Алеся Бурык
Дакладчык: Лізавета Шацікава