Select your language

Студэнты спецыяльнасці "Міжнароднае права" ФМА БДУ працягваюць дамагацца поспехаў у конкурсах па міжнародным праве.

Kirimli Aziz Bey Moot Court Competition – гэта конкурс па міжнародным гуманітарным праве, які адбыўся ў гэтым годзе з 7 па 11 верасня ўпершыню, у рэжыме ан-лайн. У арганізацыі конкурсу прымалі ўдзел Стамбульскі цэнтр міжнароднага права, Турэцкае Таварыства Чырвонага Паўмесяца ў партнёрстве з Міжнародным Камітэтам Чырвонага Крыжа. Конкурс названы ў гонар Кырымлы Азіз Бей – аднаго з заснавальнікаў руху Чырвонага Паўмесяца ў Турцыі ў 19 стагоддзі.

У склад каманды факультэта ўвайшлі студэнткі 4 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права" Анастасія Дзюбанава, Аліна Кушнярова і Кацярына Шышова. Трэнерам каманды выступіла Вольга Яўгенаўна Арэф'ева – старшы выкладчык кафедры міжнароднага права.

На працягу конкурсу каманда прайшла пісьмовы адборачны этап, у рамках якога спаборнічалі каманды з 17 краін 3 кантынентаў. Для ўдзелу ў вочных выступах былі адабраны 8 каманд, з іх каманда ФМА БДУ выйшла ў фінал, дзе атрымала перамогу над камандай з Універсітэта Амстэрдама, Нідэрланды.

Конкурс па міжнародным праве Kirimli Dr.Aziz Bey праходзіць у гульнявым фармаце, які дае студэнтам магчымасць паказаць свае веды па міжнародным гуманітарным праве ў ходзе сімуляцый і ролевых гульняў.

У гэты раз студэнткі прымерылі на сабе ролі юрыдычных дарадцаў міністэрства замежных спраў, міністэрства юстыцыі, а таксама прафесараў і экспертаў міжнароднага гуманітарнага права, у тым ліку ў рамках наступных тэм: марская блакада, аўтаномная зброя, акупацыя і інш.

На раўндах студэнткам было неабходна вырашыць комплексныя задачы, якія ўзнікаюць у ходзе ўзброенага канфлікту: пераканаць супрацьлеглыя дзяржавы выконваць міжнароднае гуманітарнае права, абараніць інтарэсы пацярпелага грамадзянскага насельніцтва, прадставіць сваю пазіцыю на пасяджэнні Вярхоўнага суда адной з дзяржаў, Міжнароднай камісіі па расследаванні фактаў парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права і інш.