21 мая 2020 года адбылася апошняя ў гэтым навучальным годзе анлайн-відэаканферэнцыя студэнтаў і выкладчыкаў ФМА з паслом Рэспублікі Польшча Артурам Міхальскім. Тэмай відэаканферэнцыі на польскай мове стала 100-годдзе з дня нараджэння Яна Паўла II (Караля Юзэфа Вайтылы), які стаў 16 кастрычніка 1978 года першым Папам Рымскім неітальянскага паходжання за апошнія 455 гадоў. Яго пантыфікат (з 16 кастрычніка 1978 г. па 2 красавіка 2005 г.) стаў трэцім па працягласці пасля Святога Пятра і благаслаўлёнага Пія IX. У выступе спадар Артур Міхальскі распавёў аб цяжкім дзяцінстве Караля Вайтылы, які ва ўзросце 8 гадоў застаўся без маці, праз чатыры гады памёр яго старэйшы брат, а праз некалькі гадоў памёр і яго бацька. У 1938 годзе Караль Юзэф Вайтыла стаў студэнтам Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве, дзе вывучаў філасофію і замежныя мовы. З 1942 года і да заканчэння вайны ён вучыўся ў падпольнай семінарыі ў Кракаве, бо пасля смерці бацькі вырашыў стаць слугою царквы.
У сусветную гісторыю Ян Павел II увайшоў як адзін з самых уплывовых лідараў ХХ стагоддзя, як першы Папа Рымскі, які пачаў шукаць магчымасці прымірэння з іншымі рэлігіямі. За час свайго пантыфікату ён здзейсніў мноства замежных камандзіровак, мэтай якіх было ўмацаванне пазіцый каталіцызму і ўсталяванне сувязяў з іншымі рэлігіямі. Некалькі разоў ён наведваў Польшчу, але наведванне Расіі так і засталося яго няздзейсненай марай. Папа Рымскі Ян Павел II з'яўляецца сімвалам чалавечнасці, прыстойнасці, годнасці, свабоды, смеласці. Нездарма, уступаючы на пасаду пантыфіка і прыносячы прысягу на інаўгурацыі 22 кастрычніка 1978 года ён сказаў: "Nie lękajcie się!" ( "Не бойцеся!"). Ён не пабаяўся публічна прынесці пакаянне і папрасіць прабачэння перад пацярпелымі ад рук Рымска-каталіцкай царквы, у тым ліку за злачынствы часоў крыжовых паходаў і інквізіцыі, за царкоўныя расколы, за дыскрымінацыю па нацыянальнай і палавой прыкмеце, за выпадкі сэксуальнага гвалту ў каталіцкай царкве. 13 мая 1981 г. на плошчы Святога Пятра ў Рыме на папу быў здзейснены замах, у выніку якога ён быў цяжка паранены. Праз два гады Ян Павел II наведаў нападаўшага на яго Мехмета Алі Агджа ў турме, доўга з ім размаўляў і дараваў яму. Да самай сваёй смерці Ян Павел II падтрымліваў кантакты з сям'ёй Агджы. Сам Мехмет Алі Агджа шчыра раскаяўся ў злачынстве, а пасля смерці папы называў яго сваім духоўным настаўнікам. Польскі народ па праву можа ганарыцца сваім вялікім сынам, які нястомна займаўся міжнароднай міратворчай дзейнасцю, які даказаў, што каталіцкая царква можа развівацца разам з навукова-тэхнічным прагрэсам. Падводзячы вынік выступлення і адказваючы на пытанні, спадар Артур Міхальскі таксама пералічыў імёны палякаў, якія з'яўляюцца маральнымі аўтарытэтамі: ксяндза Ежы Папялушку, першага некамуністычнага прэм'ер-міністра Тадэвуша Мазавецкага, польскага гісторыка, дыпламата, дзяржаўнага дзеяча Уладзіслава Барташэўскага, польскага ваеннага Вітольда Пілецкага, удзельніка польскага руху Супраціву ў гады Другой сусветнай вайны, праведніка міру Яна Карскага. Анлайн-сустрэча завяршылася рытарычным пытаннем для студэнтаў: хто з'яўляецца для вас маральнымі аўтарытэтамі і чаму?
Плашчынская Т. З., старшы выкладчык кафедры германскіх моў