Навукова-даследчая работа студэнтаў як аснова сучаснага навучання знаходзіцца ў цэнтры ўвагі выкладчыкаў кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў, паколькі сучаснаму грамадству неабходныя спецыялісты, здольныя прымаць крэатыўныя нестандартныя рашэнні, актыўна ўдзельнічаць у інавацыйных працэсах, гатовыя кампетэнтна вырашаць даследчыя задачы. У рамках Тыдня студэнцкай навукі ў рэжыме анлайн на кафедры праведзены шэраг мерапрыемстваў для студэнтаў 1-2 курсаў спецыяльнасці "Міжнароднае права". Так, старшы выкладчык кафедры Няпомняшчых Ірына Аляксандраўна арганізавала Круглы стол на тэму "The Most Prominent International Lawyers and Their Contribution to the Development of International Law". Студэнты падрыхтавалі змястоўныя прэзентацыі аб такіх выбітных юрыстам-міжнароднікам, як R.Ginsburg, W.C.Vis, Ph. C. Jessup, L.Oppenheim, M. Lachs, F.Martens, I.Peretersky і інш. Пасля прэзентацый быў праведзены глыбокі аналіз укладу дадзеных юрыстаў у развіццё міжнароднага права. Акрамя пашырэння агульнага кругагляду, несумнеўнай перавагай дадзенага мерапрыемства з'яўляецца развіццё навыкаў публічнага выступу на замежнай мове, удасканаленне ўменняў структураваць навуковую інфармацыю і весці канструктыўны дыялог па зададзенай праблематыцы. Усё гэта неабходна для паспяховай навуковай дзейнасці студэнтаў у будучыні. Выкладчык кафедры Гарбунова Алена Вячаславаўна ў рамках Тыдня навукі правяла некалькі мерапрыемстваў: Круглы стол "Current Issues of Human Rights" і Reflective Presentations: "Famous Pieces of Literature Reviewed", дзе студэнты паказалі добрыя навыкі і ўменні навуковай камунікацыі.
Старшы выкладчык Валогіна Вольга Віктараўна арганізавала ўдзел студэнтаў у анлайн-канферэнцыі на тэму «Philosophy of Law». Дакладчыкі выступалі з прэзентацыямі аб асноўных паняццях ў філасофіі права і аб знакамітых прававедах-філосафах ("Philosophy of law and jurisprudence", "Hugo Grotius", "John Austin", "Jeremy Bentham"). Задачай выступоўцаў было ў даступнай форме прыпаднесці слухачам і "раскласці па палічках" дастаткова складаныя навукова-філасофскія канцэпцыі, з чым яны ўдала справіліся, мяркуючы па выніках віктарын, якія аўтары прэзентацый правялі для ўдзельнікаў пасля сваіх выступаў. Для студэнтаў 2-га курса было праведзена анлайн-мерапрыемства "Pecha Kuchа Presentations: My Research Paper". Кожны ўдзельнік павінен быў прэзентаваць сваю курсавую работу або асобны яе аспект такім чынам, каб за абмежаваны прамежак часу (у фармаце "печа-куча") зацікавіць слухачоў тэмай свайго даследавання і даказаць яе важнасць і актуальнасць для будучых юрыстаў-міжнароднікаў. Пасля кожнай прэзентацыі вынікала сесія пытанняў і адказаў, у якую былі актыўна ўцягнутыя ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Вопыт прэзентацыі свайго навуковага даследавання ў строга зададзеным фармаце на англійскай мове, безумоўна, будзе карысны студэнтам у іх далейшай навуковай дзейнасці пры ўдзеле ў рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях.
Такія новыя формы работы з цікавай тэматыкай, добрая інфармацыйная падтрымка і кансультацыі выкладчыкаў спрыяюць прыцягненню студэнтаў да навукова-даследчай дзейнасці.
Выказваем падзяку ўсім студэнтам, якія прынялі самы актыўны ўдзел у Тыдні навукі на кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў і жадаем усім новых навуковых дасягненняў!
{gallery}2020/2020_04_24_06{/gallery}