22 красавіка ў рамках Тыдня студэнцкай навукі на факультэце міжнародных адносін БДУ пад кіраўніцтвам дацэнта У. В. Ляхоўскага быў арганізаваны круглы стол "Роля міжнародных параарганізацый у глабальнай эканоміцы», у якім у рэжыме on-line прынялі ўдзел магістранты спецыяльнасці «Кіраванне ў сацыяльных і эканамічных сістэмах» Вікторыя Зайцава («Міжнародныя клубы глабальнага кіравання»), Дар'я Шырынская («Міжнародныя эканамічныя і фінансавыя параарганізацыі ў сучасным свеце»), Надзея Драгуленка («Узаемаадносіны міжнароднага бізнэсу і міжнародных фінансавых інстытутаў у развіцці інвестыцыйных праектаў»), Таццяна Касарэўская («Месца і роля БРІКС у сістэме міжнародных эканамічных адносінаў»), а таксама студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Мытная справа» Вікторыя Альхоўская («Роля Рымскага клуба ў фарміраванні канцэпцыі «зялёная эканоміка» і міжнароднай канцэпцыі "зялёная мытня"»).
У рамках дыскусіі і праведзенага абмену думкамі ўдзельнікі круглага стала ў цэлым прыйшлі да агульнага меркавання, што з'яўленне і развіццё параарганізацый ёсць заканамерны працэс развіцця шматбаковага супрацоўніцтва суб'ектаў міжнароднага права і бізнэсу ў складаным глабальным свеце палітыкі, эканомікі і сацыяльных адносін. Нефармальны характар і гнуткі фармат функцыянавання гэтых інстытутаў дае шэраг бясспрэчных пераваг для іх удзельнікаў у адрозненні ад традыцыйных міжнародных арганізацый. Па-першае, гэта хуткая адаптацыя да зменлівых палітыка-эканамічных умоў у свеце, па-другое, гэта зручная пляцоўка для канструктыўнага дыялогу і свабодных дыскусій паміж удзельнікамі і, па-трэцяе, гэта нефармальны падыход пры вырашэнні складаных праблем сучаснасці і іх мадэлявання ў будучыні.

