Студэнты спецыяльнасці «Мытная справа» традыцыйна праяўляюць высокую цікавасць да ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных навуковых мерапрыемствах і конкурсах, пастаянна імкнуцца да пашырэння сваіх навуковых гарызонтаў. Многія са студэнтаў-мытнікаў прыкладваюць усе намаганні для таго, каб стаць удзельнікам міжнароднай канферэнцыі PICARD, якая штогод арганізуецца пад эгідай Сусветнай мытнай арганізацыі.
Вопытам удзелу ў такім маштабным навуковым мерапрыемстве падзялілася са студэнтамі 2 - 3 курсаў і магістрантамі старшы інспектар Мінскай рэгіянальнай мытні, выпускніца спецыяльнасці «Мытная справа» ФМА БДУ Таццяна Аляксандраўна Пракаповіч. Анлайн-сустрэча адбылася 16 красавіка 2020 г. на платформе JitsiMeet. Мерапрыемства арганізавана напярэдадні Тыдня студэнцкай навукі ФМА БДУ выкладчыкамі кафедры мытнай справы дацэнтам Тарарышкінай Л. І. і старшым выкладчыкам Ястраб Т. А.
У сваім выступе Таццяна Аляксандраўна адзначыла, што канферэнцыя PICARD — гэта сусветная пляцоўка для даследчыкаў у галіне мытнай справы, на якой абмяркоўваюцца вынікі навуковых работ па найбольш актуальных пытаннях (электронны гандаль, аналіз вялікіх дадзеных, развіццё свабодных эканамічных зон, выкарыстанне інфармацыйных мытных тэхналогій, кіраванне мытнай інфраструктурай, барацьба з правапарушэннямі, злачынствамі і міжнародным тэрарызмам і г.д.). У рамках канферэнцыі таксама арганізуецца маладзевы форум, на якім студэнты, якія прайшлі адбор, маюць магчымасць падзяліцца сваімі навуковымі напрацоўкамі.
Спікер пазнаёміла студэнтаў з арганізацыйнымі момантамі моладевага форуму, дала каштоўныя практычныя парады па выбары тэмы артыкула для канферэнцыі і апісала варыянты, якія можна выкарыстоўваць для таго, каб стаць удзельнікам канферэнцыі PICARD ў лістападзе 2020 г. на Ямайцы.
Выкарыстанне англійскай і французскай моў у якасці працоўных не з'яўляецца перашкодай для нашых студэнтаў, бо высокі ўзровень выкладання замежнай мовы на ФМА БДУ дазваляе годна прэзентаваць вынікі сваёй працы на мерапрыемстве такога высокага ўзроўню.
Таццяна Аляксандраўна таксама падзялілася ўражаннямі ад працы ў Мінскай рэгіянальнай мытні. Яна адзначыла, што служба яе не расчаравала, выказала падзяку кафедры мытнай справы ФМА БДУ за выдатную падрыхтоўку, а таксама параіла студэнтам старанна вывучаць выкладаемыя прадметы. «Я б паступіла яшчэ раз на 1 курс, каб задаць усе пытанні, якія цікавяць, таму што ў працэсе работы ўзнікае шмат нюансаў, асабліва ў сферы мытна-тарыфнага і нетарыфнага рэгулявання, мытнага права і мытнага кантролю», — адзначыла Таццяна Пракаповіч.
У ходзе сустрэчы студэнты спецыяльнасці «Мытная справа» праявілі зацікаўленасць да выступлення, задавалі шмат пытанняў. Ніжэй прывядзем некалькі водгукаў удзельнікаў сустрэчы.
Карына Цецярукова (3 курс): "Хачу выказаць падзяку Таццяне Пракаповіч і арганізатарам за магчымасць удзельнічаць на такіх мерапрыемствах нават дыстанцыйна. Тэма сустрэчы дастаткова актуальная, бо выступы на канферэнцыях — гэта тое, што адкрывае дзверы ў навуку, дапамагае развівацца і дзяліцца сваімі напрацоўкамі з іншымі. Усё было вельмі цікава і пазнавальна».
Яна Асташонак (2 курс): «Таццяна падзялілася з намі інфармацыяй, якая сапраўды з'яўляецца карыснай для развіцця сябе ў навуковай дзейнасці, адказала на ўсе пытанні і зматывавала студэнтаў на актыўную працу. Было цікава даведацца пра досвед удзелу ў самай буйной канферэнцыі па мытнай справе, узяць на ўзбраенне некаторыя парады. Дзяўчына таксама распавяла аб сваёй прафесійнай дзейнасці, пра плюсы і мінусы працы ў мытных органах, што таксама з'яўляецца важным, бо выбар будучай прафесіі для нас, студэнтаў, дастаткова актуальны».
Лізавета Сідарава (2 курс): «У рамках сустрэчы быў асвечаны шэраг аспектаў арганізацыі розных міжнародных канферэнцый у сферы мытнай справы. Я не толькі атрымала шмат карысных парад і даведалася пра спосабы ўдзелу ў розных форумах, але і знайшла адказы на пытанні аб іх фармаце. Цікава было пазнаёміцца з вопытам чалавека, які ўдзельнічаў у падобных мерапрыемствах, і натхніцца, каб у будучыні самой стаць іх удзельніцай».
Матэрыял падрыхтаваны старшым выкладчыкам кафедры мытнай справы ФМА БДУ Ястраб Т. А. і студэнткай 2 курса спецыяльнасці «Мытная справа» Пашук Е.
{gallery}2020/2020_04_16{/gallery}