Студэнты-мытнікі выпускнога 4 курса працягваюць серыю кароткіх апаведаў пра сваю пераддыпломную практыку. Юлія Самец праходзіць практыку ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск»:
«Месцам маёй пераддыпломнай практыкі з'яўляецца РПТО «Нацыянальны аэрапорт «Мінск» Мінскай рэгіянальнай мытні — паветраная мяжа нашай краіны. Унікальны характар дзейнасці «паветранага» мытнага паста праяўляецца ў ажыццяўленні мытнага кантролю ў адносінах да самых розных аб'ектаў: гэта паветраныя суда, авіяцыйныя і аўтамабільныя грузы, міжнародныя паштовыя адпраўленні, экспрэс-адпраўленні, праца магазінаў бяспошліннага гандлю. Гэта самы дынамічны і напружаны ўчастак дзяржаўнай мяжы, які злучае Рэспубліку Беларусь практычна з усім светам.
У аэрапорце мне ўжо ўсё знаёма, я не першы раз тут праходжу практыку. На гэты раз месцам прымянення сваіх ведаў, атрыманых ва ўніверсітэце, з'яўляецца адзін з аддзелаў мытных аперацый і кантролю, спецыфіка якога заключаецца ў ажыццяўленні ўсіх неабходных мытных фармальнасцей у адносінах да паветраных судоў і тавараў, што перамяшчаюцца пасажырамі, інакш кажучы — у сектарах вылету і прылёту, а таксама ў транзітнай зоне. Спектр выконваемых задач у аддзеле даволі шырокі — пачынаючы ад праверкі багажу ў зоне неінтрузіўнага дагляду і заканчваючы правядзеннем мытнага кантролю ў дачыненні да пасажыраў. Тут, як нідзе, разумееш важнасць добрых тэарэтычных ведаў, каб эфектыўна і якасна выконваць пастаўленыя задачы. Уменне расшыфраваць малюнкі «прасвечваемагаь» багажу, веданне этнічных асаблівасцяў народаў свету, выкарыстанне псіхалагічных прыёмаў — толькі частка прафесійных навыкаў супрацоўнікаў аддзела. Ні адно наша пытанне не застаецца без увагі, супрацоўнікі дзеляцца сваім практычным вопытам. Асобна можна вылучыць веданне замежных моў — безумоўна, у такім пункце пропуску англійская мова выкарыстоўваецца штодня. Ужо не раз надавалася магчымасць удасканальваць свой узровень валодання замежнай мовай з замежнымі грамадзянамі. Кожная працоўная змена — скарбніца карысных практычных прыкладаў і цікавых выпадкаў».