10 сакавіка 2020 года адбылася сустрэча студэнтаў 1, 2, і 3 курсаў спецыяльнасці «Мытная справа» з паслом Рэспублікі Польшча Артурам Міхальскім. Студэнты разам са сваімі выкладчыкамі Вольгай Кругловай, Таццянай Плашчынскай, дэканам факультэта прафесарам Віктарам Генадзьевічам Шадурскім, загадчыкам кафедры мытнай справы Віктарам Аляксандравічам Астрогам у чарговы раз пабывалі ў гасцях у Артура Міхальскага. На сустрэчы да прагляду і абмеркавання быў прапанаваны мастацкі фільм на польскай мове «Пан Тадэвуш» (1999 г.), зняты па аднайменным творы Адама Міцкевіча. Рэжысёрам фільма з'яўляецца Анджэй Вайда. Гэты выбітны польскі рэжысёр знакаміты сваім уменнем па-майстэрску экранізаваць творы польскай класічнай літаратуры, у чым усе прысутныя змаглі пераканацца ў чарговы раз. Хацелася б таксама адзначыць акцёрскі склад фільма, куды ўваходзяць вядомыя польскія акцёры, якія таленавіта адыгралі свае ролі. «Пан Тадэвуш» Адама Міцкевіча вядомы студэнтам са школьнай праграмы па беларускай літаратуры. Пасля прагляду фільма ў многіх паўстала жаданне прачытаць гэты твор у арыгінале на польскай мове і жаданне паглыбіцца ў гісторыю перыяду, пра які ідзе аповед ў фільме. У час сустрэчы ва ўсіх гасцей была выдатная магчымасць пазнаёміцца з яшчэ адной папулярнай польскай стравай – «капытка» (клёцкі, якія падаюцца з грыбным соусам і з мясам).
Дадзены фармат сустрэчы матывуе студэнтаў глыбей вывучаць не толькі польскую мову, культуру і гісторыю Польшчы, але і культуру, гісторыю сваёй краіны, спрыяе ўмацаванню добрасуседскіх адносін і ўзаемаразуменню паміж нашымі краінамі. Студэнты мелі ўнікальную магчымасць пагутарыць у нефармальнай абстаноўцы з Артурам Міхальскім, задаць яму свае пытанні, абмеркаваць актуальныя падзеі ў свеце. Супрацоўнікі і студэнты выказваюць вялікую ўдзячнасць паслу Рэспублікі Польшча Артуру Міхальскаму за цёплы прыём.

