Пасяджэнне адкрытага семінара «Беларуская дыпламатыя ў дынаміцы» з удзелам прадстаўнікоў Клуба маладых дыпламатаў МЗС Рэспублікі Беларусь адбылося 19 лютага 2020 года на ФМА БДУ.
Першае пасяджэнне адкрытага семінара «Беларуская дыпламатыя ў дынаміцы» на тэму: «Асобасны фактар у дыпламатыі (на прыкладзе маладых супрацоўнікаў МЗС Рэспублікі Беларусь)» адбылося 19 лютага 2020 года на факультэце міжнародных адносін БДУ. Факультэт наведалі члены Клуба маладых дыпламатаў, які аб'ядноўвае прадстаўнікоў новага пакалення дыпламатычных служачых суверэннай Беларусі. Сярод накірункаў яго дзейнасці – забеспячэнне цеснай узаемасувязі сучаснай дыпламатычнай практыкі з падрыхтоўкай спецыялістаў шырокага профілю ў сферы міжнародных адносін, якія запатрабаваны сёння ў працы МЗС Рэспублікі Беларусь.
Пасяджэнне семінара адкрыў дэкан ФМА БДУ, прафесар Шадурскі Віктар Генадзьевіч, які прывітаў прадстаўнікоў Клуба маладых дыпламатаў і выказаў упэўненасць, што прамы дыялог супрацоўнікаў МЗС са студэнтамі дазволіць ім сфармаваць найбольш поўнае і цэласнае ўяўленне аб рабоце беларускага знешнепалітычнага ведамства на сучасным этапе.
Гэтую няпростую задачу ўзялі на сябе старшыня клуба Луцкі Ілля Уладзіміравіч – другі сакратар Галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, намеснік старшыні Шкода Аляксандра Сяргееўна – трэці сакратар Упраўлення інфармацыі і лічбавай дыпламатыі, Караткевіч Павел Ігаравіч – другі сакратар Дэпартамента знешнеэканамічнай дзейнасці, Сямкоўскі Мікіта Ігаравіч – трэці сакратар Галоўнага ўпраўлення Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі МЗС Рэспублікі Беларусь.
Прадстаўнікі Міністэрства азнаёмілі прысутных студэнтаў спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны», «Міжнароднае права», «Сусветная эканоміка», «Лінгвакраіназнаўства», якія хацелі б звязаць сваю будучую прафесійную кар'еру з дыпламатычнай службай, з сучаснымі кваліфікацыйнымі патрабаваннямі да супрацоўніка МЗС. Асаблівую цікавасць студэнтаў выклікалі такія аспекты, як патрэбны ўзровень моўнай падрыхтоўкі, камунікатыўныя і дзелавыя якасці, асаблівасці працы ў цэнтральным апараце Міністэрства і замежных дыпламатычных прадстаўніцтвах. Яшчэ адным важным аспектам была названа псіхалагічная ўстойлівасць, уменне працаваць з рознымі людзьмі, выконваць складаныя задачы ў абмежаваны перыяд часу. Цікавасць выклікаў і аповяд пра вольны час маладых дыпламатаў, прафесійная дзейнасць якіх можа быць звязана з рознымі краінамі і рэгіёнамі свету.
Сустрэча прайшла ў фармаце свабоднага дыялогу і абмену думкамі і пакінула самыя цеплыя ўражанні ва ўсіх яе ўдзельнікаў. Па выніках першага пасяджэння адкрытага семінара Клуба маладых дыпламатаў і ФМА прынята рашэнне праводзіць іх штомесяц. Наступная сустрэча пройдзе ў сярэдзіне сакавіка і будзе прысвечана актуальным задачам эканамічнай дыпламатыі Рэспублікі Беларусь.
{gallery}2020/2020_02_19{/gallery}