ФМА БДУ — зноў нацыянальны чэмпіён Рэспублікі Беларусь у Конкурсе па міжнародным праве ім. Джэсапа (Jessup International Law Moot Court Competition). Нацыянальны раўнд конкурсу прайшоў 7—9 лютага ў Мінску. У гэтым годзе каманда ФМА не толькі ўзяла тытул Нацыянальнага чэмпіёна, але таксама перамагла ў намінацыі «Лепшая пісьмовая пазіцыя». Акрамя таго, Лілія Галаўко і Вольга Апімах атрымалі ўзнагароды за 1-е і 2-е месца ў намінацыі «Лепшыя спікеры». З такімі вынікамі каманду ФМА БДУ можна смела назваць самай паспяховай камандай на нацыянальных раўндах гэтага года.
У склад каманды ўвайшлі трэцякурснікі Ірына Галубіч, Станіслаў Лашкевіч, Вольга Апімах, а таксама студэнтка магістратуры Лілія Галаўко. Трэнер каманды – Кацярына Шкарбута, выпускніца спецыяльнасці "Міжнароднае права", член каманды ФМА 2016 года. Радуе, што ў трэнерскі штаб кафедры ўваходзяць нашы таленавітыя выпускнікі, якія, перадаючы свой вопыт і веды студэнтам, дазваляюць ім і далей дамагацца высокіх паказчыкаў.
У гэтым годзе ў нацыянальным адборачным этапе за права прадстаўляць краіну змагаліся 8 каманд. Спрэчка паміж двума выдуманымі дзяржавамі (Адава і Расаса) тычыцца чатырох пытанняў: правапераемнасць дзяржаў у дачыненні да міжнародных дамоваў, законнасць распрацоўкі і выкарыстання аўтаномных сістэм ўзбраення, паралельны разгляд гандлёвых спрэчак рознымі судовымі інстанцыямі, законнасць арышту міністра замежных спраў на падставе ордэра Міжнароднага крымінальнага суда. Нацыянальным адміністратарам спаборніцтвы ў чарговы раз выступіла Асацыяцыя міжнароднага права і арбітражу (BILA).
У красавіку каманда выступіць на міжнародных раўндах ў Вашынгтоне, дзе ім трэба будзе пазмагацца з камандамі з усяго свету. Жадаем поспеху і новых перамог!
{gallery}2020/2020_02_09{/gallery}