Select your language

Члены Клуба даследаванняў міжнароднага гуманітарнага права і права бяспекі наведалі Навукова-кансультатыўны савет пры Міністэрстве замежных спраў.

7 лютага 2020 года адбылося пасяджэнне Навукова-кансультатыўнага савета пры Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь, у якім прынялі ўдзел студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта – члены Клуба даследавання міжнароднага гуманітарнага права і права бяспекі.

У ходзе пасяджэння намеснік Міністра замежных спраў Алег Іванавіч Краўчанка праінфармаваў аб выніках удзелу дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Міжнароднай канферэнцыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, а таксама адказаў на пытанні студэнтаў. Намеснік Міністра выказаў перакананасць, што памяншэнню ліку гуманітарных катастроф будзе садзейнічаць толькі аб'яднаная праца міжнароднай супольнасці па ліквідацыі іх першапрычын.

У рамках дыскусіі падымаліся такія тэмы, як міратворчы патэнцыял Рэспублікі Беларусь і аказанне "добрых паслуг" дзяржавам у мэтах мірнага ўрэгулявання міжнародных спрэчак. Акрамя таго, былі абмеркаваны пытанні міжнароднага супрацоўніцтва ў рамках рэагавання на прыродныя і тэхнагенныя катастрофы, умацавання даверу паміж рэгіянальнымі міжнароднымі арганізацыямі, ролі грамадзянскай супольнасці ва ўзмацненні міжнароднага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы.