Незвычайны занятак на тэму "Competitive skills of a good manager" прайшоў 16 снежня ў студэнтаў 1 і 2 курсаў (спецыяльнасць "Менеджмент у сферы міжнароднага турызму"). Ініцыятары мерапрыемства — старэйшыя выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў Н. А. Касцерава, Н. І. Чарнецкая, Г. І. Ахрыменя, Р. Г. Рамановіч. Відэамост, устаноўлены з дапамогай праграмнага забеспячэння Skype, звязаў аўдыторыю 520 факультэта міжнародных адносін у Мінску і Сінгапур сіці, дзе рэгіянальным менеджарам у кампаніі Mavericks Consulting PTE Singapore працуе выпускнік нашага факультэта Дзмітрый Ялтыхаў.
Як стаць добрым, а галоўнае паспяховым менеджарам, было цікава ўсім. Пытанні задавалі і c дапамогай Skype, і ў Instagram. Якія навыкі можна развіць, калі ад прыроды чалавек не адчувае здольнасцяў кімсьці кіраваць, якія якасці самыя галоўныя для пачаткоўца менеджара і нават, як праходзіць працоўны дзень паспяховага менеджара Дзмітрыя Ялтыхава. Некалькі чалавек пацікавіліся, як можна палепшыць свае веды англійскай мовы. Адказ быў адназначным: «If you want to improve your English you are in the right place but you'll have to work a lot".