Подождите, идет загрузка сайта ...

У канцы лістапада студэнтаў першага курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" чакала яшчэ адно цікавае мерапрыемства, арганізаванае на англійскай мове — віктарына па ЗША, якую ўжо традыцыйна рыхтуюць студэнты другога курса для першакурснікаў. У якасці суддзяў выступалі студэнты-куратары — Слесаровіч Максім, Цярэшка Аліна, Гламбоцкая Кацярына, а таксама старэйшыя выкладчыкі кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў Зудова С. А., Лясоўская І. А., Міцева Т. П. і Балакшына Т. В.

У выніку жараб'ёўкі студэнты раздзяліліся на каманды. Віктарына ўключала пытанні па геаграфіі, гісторыі, палітыцы і культуры ЗША. Удзельнікам давялося паламаць галаву над датай заснавання першай амерыканскай калоніі, датай падпісання Дэкларацыі Незалежнасці, успомніць Бостанскае чаяванне, патанчыць, адгадваючы песні, і нават пагуляць у "кракадзіла" — увогуле, ад душы павесяліцца. Варта адзначыць, што задавальненне атрымалі не толькі ўдзельнікі віктарыны, але і яе стваральнікі, і нават суровае журы. Для адных студэнтаў гэта была выдатная магчымасць асвяжыць у сваёй памяці курс краіназнаўства ЗША і паспрабаваць сябе ў ролі арганізатараў, а для іншых — шанец даведацца шмат новага і цікавага і проста добра правесці час.

У завяршэнне віктарыны былі падлічаны балы і названы пераможца, аднак усе каманды выступілі годна, таму будзе справядліва сказаць, што перамагла дружба. (Лівінддюк Вольга, Лахманюк Паліна, Грудзінка Раман).

Уражаннямі аб віктарыне падзяліліся студэнты 1 курса:

«Першае, што я б хацела адзначыць — прыязная атмасфера. Стваралася ўражанне, што мы знаёмыя тысячу гадоў! А ўсё дзякуючы студэнтам 2 курса, якія выдатна падрыхтаваліся і падарылі добры настрой на ўвесь дзень. Заданні былі рознага тыпу: адгадваньня песні па мелодыі, якая іграла наадварот, пытанні з варыянтамі адказу, адгадванне фільмаў па цытатах або малюнках, — усё гэта прынесла вялікую колькасць эмоцый і перажыванняў за сваю каманду. Шкада, што мы не атрымалі перамогу, але гэта ні кроплі не сапсавала нам настрой» (Грэкава Паліна).

«Час прайшоў займальна і пазнавальна. Асабіста я даведалася шмат новага для сябе, пачула любімыя песні, правяла час у прыемнай кампаніі і нацешылася гульнёй каманд. Наша каманда нават выйграла (мы былі Зялёнымі!). Хоць гэта было даволі складана ў сілу здаровай канкурэнцыі. Вялікі дзякуй арганізатарам за праведзеную работу! Абавязкова буду прымаць удзел у такім мерапрыемстве ў наступным годзе! Але ўжо ў якасці арганізатара!» (Кіслячук Кацярына).

А вось меркаванне саміх арганізатараў:

«Арганізоўваць віктарыну было сапраўды цікава. У першую чаргу таму, што гэта рабілася не дзеля ацэнкі, а з жадання прыдумаць цікавыя пытанні і праявіць сваю крэатыўнасць. Гэта была магчымасць зрабіць QUIZ пра фільмы, якія любіш, і музыку, якую слухаеш, каб паглядзець, колькі людзей падзяляюць твае перавагі і маюць падобныя густы. У выніку, можна сказаць, што гэта былі прыемныя паўтары гадзіны, падчас якіх, спадзяюся, удзельнікі даведаліся нешта новае пра Амерыку. Адзіная праблема — гэта тое, што мы крыху недаацанілі эрудыяванасць студэнтаў 1 курса, таму з пытаннямі яны распраўляліся досыць лёгка і хутка» (Трапезнікава Наталля).

«Віктарына прайшла проста цудоўна! Падрыхтоўка да яе хоць і была ў некаторых момантах цяжкай, але ўсё ж цікавай. Праца ў камандзе — гэта заўсёды вельмі займальна і захапляльна. Студэнты з першага курса ўразілі сваёй эрудыцыяй! У нейкі момант мне нават стала здавацца, што ўсе пытанні, якія мы прыдумалі, былі занадта лёгкімі. Пацешыў той факт, што ўдзельнікі адказалі нават на тыя пытанні, пра якія мы думалі: "Ды яны дакладна не справяцца!"» (Будкевіч Ганна). 

 

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках