Подождите, идет загрузка сайта ...

28 лістапада 2019 г. сярод студэнтаў усіх спецыяльнасцяў ФМА адбыліся дэбаты на тэму «Brexit: выйсці нельга застацца», арганізаваныя Саветам і аргкамітэтам «СТАРТ» – «Студэнцае таварыства: Актыўныя. Рашучыя. Творчыя».

Дэбаты прайшлі ў форме абмеркавання ў парламенце Вялікабрытаніі найбольш актуальных для краіны і Еўрапейскага саюза пытанняў. У прыватнасці, апазіцыя патрабавала пагадзіцца з ЕС у справе фінансавага абцяжарвання выхаду, а ўрад прыводзіў контраргументы. Урад настойваў змяніць брытанскую міграцыйную палітыку, апазіцыя лічыла мэтазгодным пакінуць дзеючую. Не знайшлі каманды адзінства і па пытанні датэрміновых парламенцкіх выбараў: урад – «за», апазыцыя – «супраць». Нарэшце, бакі не выпрацавалі агульную пазіцыю па статусе дзяржаўнай мяжы Вялікабрытаніі ў кантэксце спынення сяброўства ў ЕС.

У першым раўндзе дэбатаў прынялі ўдзел 12 каманд. Яны падзяліліся на тры секцыі, і там разгарэлася напружаная дыскусія па альтэрнатыўных варыянтах Brexit. У кожнай секцыі журы слухалі аргументы абодвух бакоў, вызначаючы па выпрацаваным крытэрыям найбольш зладжаныя і пераканаўчыя дзеянні каманд. Вынікам першага раўнда стаў адбор з іх ліку чатырох лепшых. Яны і сышліся ў фінальным паядынку (у другім раўндзе).

У адпаведнасці з прапанаваным парадкам фіналісты выкладалі свае погляды на паўторны рэферэндум грамадзян Вялікабрытаніі па Brexit. І тут пазіцыі бакоў апынуліся такімі ж непрымірымымі: апазіцыя – «за», урад – «супраць».

У фінале месцы каманд размеркаваліся наступным чынам:

4 месца – Customized Queen (Аль Яфі Карым, Смірноў Павел; «Мытная справа»);

3 месца – Падданыя Яе Вялікасці (Рабцаў Ігар, Шыман Віктар; "Міжнароднае права");

2 месца – God save the Queen (Сіманава Дарына, Качан Антон; "Міжнародныя адносіны").

І пераможцамі стала каманда It takes two to tango (Сакалоўскі Уладзіслаў, Зубаў Сяргей; "Міжнароднае права").

Усе каманды-ўдзельніцы атрымалі сертыфікаты, а пераможцы, акрамя таго, удастоены дыпломаў і памятных прызоў.

Комплексную і аб'ектыўную ацэнку дзеянняў кожнай каманды забяспечыла журы з ліку выкладчыкаў кафедраў міжнародных адносін, міжнароднага турызму, мытнай справы, міжнароднага права, англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў. У складзе журы прафесійна зарэкамендавалі сябе таксама члены Савета СТАРТ.

Мерапрыемства такога плану праводзілася ўпершыню. Па агульным прызнанні ўдзельнікаў, яно апынулася карысным у плане выпрацоўкі ўменняў весці дыскусію, выслухоўваць апанента, дэманстрацыі глыбокага валодання актуальнай знешнепалітычнай праблемай. Важным выпрабаваннем і практычным бенефісам сталі дэбаты для мадэратараў, якія суправаджалі і накіроўвалі дыскусіі ў секцыях. У ролі мадэратараў мерапрыемства выступілі студэнты 2-3 курсаў спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Гурыновіч Аляксандр, Курылаў Кірыл, Усаў Мікалай. Аўтар сцэнарыя дэбатаў – Максім Слесаровіч, агульнае кіраўніцтва іх падрыхтоўкай ажыццяўляла Юлія Буяноўская.

Даведацца апошнюю інфармацыю пра іншыя мерапрыемствы СТАРТа можна ў групе Вконтакте https://vk.com/startbsu або на Інстаграм-старонцы https://www.instagram.com/start.bsu/ 

 

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках

Зараз на сайце 796 гасцей і ніводнага зарэгістраванага