Подождите, идет загрузка сайта ...

Вядома, калі сумяшчаць заняткі па краіназнаўстве, граматыцы і маўленні з развіццём свайго кругагляду ў розных галінах! Менавіта па такім прынцыпе на мінулым тыдні прайшоў занятак ў студэнтаў 1 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", якія вывучаюць англійскую мову як першую замежную (кафедра англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў). Пасля вывучэння тэмы "Геаграфія Рэспублікі Беларусь" на занятках па краіназнаўстве мы разам з выкладчыкамі наведалі музей архітэктурных мініяцюр «Краіна міні». Гэта тэхналагічны і інтэрактыўны музей, у якім студэнты ўбачылі больш за 30 славутасцяў нашай краіны, аб'ектаў архітэктуры як існуючых, так і ўжо зніклых, якія былі адабраны па іх архітэктурным вартасцям і значэнню для гісторыі Беларусі. Сярод іх такія жамчужыны беларускай культуры, як Нясвіжскі замак, Мірскі замак, Крэўскі замак, Свята-Успенскі Жыровіцкі манастыр, Касцёл Святога Сымона і Святой Алены, Брэсцкая крэпасць. Для таго каб занятак быў не толькі пазнавальным, але і спрыяў вывучэнню мовы, экскурсія была праведзена на англійскай мове. Падчас экскурсіі студэнты пачуді легенды і цікавыя факты аб самых яркіх славутасцях Беларусі.

Студэнты і выкладчыкі ацанілі кожны макет, які ўяўляе сабой сапраўдны твор мастацтва, напоўнены тысячай розных зачаравальных дэталяў, якія прапрацаваны да дробязяў. Асабліва дзівяць постаці людзей, якія ілюструюць розныя эпохі гісторыі. Экспанаты музея забяспечаныя цікавымі функцыямі. Студэнты маглі самі выбіраць рэжым «дзень» і «ноч» на макеце, націснуўшы інтэрактыўную кнопку на стэндзе і атрымаўшы магчымасць убачыць, як выглядаюць славутасці Беларусі ў начны час. Выдатным дадаткам да экскурсіі з'яўляецца наяўнасць у музеі фотозоны, дзе навучэнцы зрабілі сумесную фатаграфію. Занятак прайшоў на "ўра", бо студэнты не толькі патрэніравалі навыкі ўспрымання англійскай мовы на слых, але і даведаліся цікавыя факты аб роднай Беларусі (студэнтка 1 курса Іна Вілямовч). 


А вось які водгук напісала Аляксандра Сакалова:

Наша Маленькая Беларусь

Вы калі-небудзь зайздросцілі птушкам? Тым самым вольным істотам, што валодаюць дзіўнай здольнасцю кіраваць патокамі ветру, якія дастаўляюць іх у самыя глыбіні нябёсаў. Адтуль ім відаць усё, што ёсць на зямлі, а значыць, бачныя і самыя маленькія дэталі нават несамавітых пабудоў. Але, думаю, птушкам ўсё роўна. Ніколі мы не зразумеем адзін аднаго. Яны – навошта нам усё гэта тут і як мы жывем без палётаў. А мы – як, валодаючы такім магутным дарам, прыгожае птушаняткі маюць так мала.

Шчыра магу прызнацца, што я зайздрошчу. Канчаткова я гэта зразумела ўчора, калі са сваей групай па англійскай мове пайшла на экскурсію ў музей «Краіна міні». Там былі прадстаўлены самыя знакамітыя славутасці Беларусі, толькі ў паменшаным варыянце.

Маленькія будынкі пад шклянымі купаламі стаялі паўсюль. Быццам тарты з самай моднай пякарні, яны прыцягвалі погляды ўсіх вакол, а асабліва галодных да ведаў людзей. Але калі падыходзіш бліжэй да любога з экспанатаў, разумееш, што яны значна лепш самога наварочанага торта!

Кожная дэталь дыхае чалавечай працай, клопатам, цярпеннем, а самае галоўнае – жаданнем данесці да нас частку сябе і кавалачак нашай сутнасці, а менавіта – краіны і культуры.

Вось з далёкага паўцёмнага кута залы пачынае міргаць калядны Траецкі Касцёл (в. Гервяты). З вокнаў маленькіх вежаў выходзіць пагуляць мяккае святло святочнай ночы, каб рассеяць найбліжэйшы змрок, што сеў пад шкляным купалам. І ты бяжыш з зачараванымі вачыма, быццам дзіця-волат, каб злавіць гэты свет, бо тут жыве, хай і маленькае, хай усяго 3 хвіліны, але ўсё ж свята.

А вось Брэсцкая крэпасць прыцягвае не так ... Усё гэтак жа вабіць мастацтва чалавечай працы, але ж яно і вінавата у тым цяжкім настроі, што застаецца пры поглядзе на мініяцюры цагляных сцен, на сажу ад мностваў пажараў, на зялёную ваду са шкла, што была такой неабходнай ў тыя дні і гады вайны. Мастак-скульптар не збіраўся шкадаваць нашы эмоцыі – цэгла ў некаторых месцах амаль расплавіліся, пакрыліся чорнай сажай, бо іншыя з іх лавілі сабой кулі і снарады, спрабуючы абараніць насельнікаў гэтых жа сцен.

Мы падыходзілі яшчэ да шматлікіх будынкаў нашай краіны, і кожнае пакідала сваё асаблівае ўражанне. Інфарматыўнай была і экскурсія. Яе для нас праводзілі на англійскай мове, бо нашы выкладчыкі вырашылі зладзіць нам свята ў выглядзе альтэрнатыўнага выязнога занятка і павялі ў музей.

Сорамна прызнацца, але з мінскіх славутасцяў, прадстаўленых у калекцыі, я не была ні ў адной, хоць астатнія, не мінскія месцы, амаль усе наведала. Некаторыя нават па некалькі разоў. Так што цяпер я ведаю, як шмат усяго цікавага мне яшчэ трэба будзе адкрыць.

Я падыходжу да канца свайго аповяду, але яшчэ засталося адно пытанне. Памятаеце, я казала, што зайздрошчу? Зараз для мяне стала немагчымым мірыцца з думкай, што хтосьці, хай нават птушка, можа бачыць гэта ўсё ў рэальным жыцці ў такім жа ракурсе. Разгледзець у дробных дэталях, а потым падняцца яшчэ вышэй і глядзець на ​​прыгажосці, што хавае ад нас далеч. Я думаю, што ў такія моманты ты будзеш адчуваць сябе часткай чагосьці вялікага і значнага. Так што дзякуй гэтаму музею, бо ён дазволіў хоць на паўтары гадзіны адчуць сябе птушкай. Птушкай, што ўмее хадзіць па зямлі і лётаць – адначасова ... 


Сваімі ўражаннямі падзяліліся Кацярына Кіслячук і Марыя Міронава:

«Краіна міні» – музей мініяцюр – выдатная спроба ахапіць неабсяжную Беларусь, сабраць у адным месцы тыя мясціны краіны, якія ў рэальным жыцці адзін ад аднаго аддзяляюць сотні кіламетраў. Мы як быццам прайшліся па самых вядомых (а для кагосьці і не вельмі) культурнымх мясцінах Беларусі: маленькія копіі выглядалі гэтак жа шыкоўна, як іх арыгіналы.

Адразу хочацца адзначыць інтэр'ер памяшкання: сучасная аздабленне, мноства сувеніраў беларускай тэматыкі, міні-кафэ, прыемныя супрацоўнікі – усё гэта адразу нас зачаравала.

Уявіце сабе: для таго, каб зрабіць адзін экспанат, трэба выдаткаваць 6 месяцаў і прарабіць проста ювелірную працу! А такіх экспанатаў у музеі значная колькасць. Быў складзены спіс з 70 найважнейшых і найцікавейшых аб'ектаў архітэктурна-гістарычнай спадчыны Беларусі. На сёння ў музеі прадстаўлены 21 макет самых значных з іх. Варта адзначыць, што кожны экспанат ускладнены прысутнасцю мноства мініяцюр людзей, а таксама дэкарацыямі, якія можна ўбачыць, націснуўшы на кнопку (так мы і рабілі, як дзеці, націскалі на ўсе кнопачкі!)

Мы даведаліся шмат новай інфармацыі і з цікавасцю сачылі за ходам экскурсіі. Напэўна, ва ўсіх з'явілася жаданне наведаць гэтыя месцы, якія знаходзяцца ў розных кутках нашай Радзімы. У наш час кожны можа загугліць ілюстрацыі замкаў, храмаў, палацаў. АДНАК! На свае вочы ўбачыць хоць маленькі, але арыгінал – вось што ёсць звышкаштоўнасцю для любога сучаснага чалавека. Усё ў музеі – проста незвычайна, сучасна, актуальна, прыгожа, выдатна і захапляльна. Асабліва радуе тое, што гэта дзіўнае мастацтва знаходзіць водгук у наведвальнікаў самых розных узростаў. Мы кранутыя тымі эмоцыямі, якія зведалі ў музеі. Такія мерапрыемствы збліжаюць калектыў і пакідаюць прыемныя ўспаміны. Для нас гэта вельмі каштоўна!

Асобна хочацца сказаць ДЗЯКУЙ экскурсаводу Алене (вельмі цікава была выкладзена інфармацыя, а разумець ангійскую мову было зусім не цяжка). А таксама хочацца падзякаваць нашым выкладчыкам Зудовай Святлане Аляксандраўне, Лясоўскай Ірыне Арнольдаўне. Усім студэнтам спадабаўся такога роду занятак і ўсе пакідалі гэты музей у добрым настроі! 

 

Кантактная інфармацыя

  • Адрас: г. Мінск, вул. Ленінградская, 20
  • Паштовы адрас: 220030, г. Мінск, пр. Незалежнасці, 4
  • Тэлефон: +375 17 209 59 77
  • e-mail: fir@bsu.by

Палітыка ў дачыненні да апрацоўкі cookie-файлаў

Мы ў сацыяльных сетках

Зараз на сайце 1216 гасцей і ніводнага зарэгістраванага