21 лістапада 2019 года студэнты спецыяльнасці «Мытная справа», якія вывучаюць польскую мову ў якасці першай і другой замежнай мовы, разам са сваімі выкладчыкамі польскай мовы, дэканам і загадчыкам кафедры мытнай справы пабывалі ў гасцях у пасла Рэспублікі Польшча Артура Міхальскага. Да сябе дадому кіраўнік польскай дыпламатычнай місіі запрасіў студэнтаў падчас свайго наведвання факультэта 30 кастрычніка.
На сустрэчы гасцям быў прапанаваны да прагляду і абмеркавання новы захапляльны гістарычны польскі трылер-баявік "Кур'ер" (2019 г.), сюжэт якога пабудаваны на рэальных падзеях, якія адбываліся ў Варшаве ў 1944 годзе за некалькі дзён да пачатку Варшаўскага паўстання. Перад праглядам фільма Артур Міхальскі растлумачыў некаторыя гістарычныя звесткі, якія тычацца гэтага перыяду і з'яўляюцца важнымі для разумення таго, як сам польскі народ успрымае тыя падзеі. Пасля прагляду адбылося кароткае абмеркаванне фільма, падчас якога прадстаўнікі факультэта гаварылі і пра іншыя польскія фільмы, якія закранаюць тэму Варшаўскага паўстання 1944 года.
Студэнтам і выкладчыкам вельмі спадабаўся адкрыты фармат сустрэчы ў нефармальнай абстаноўцы, цёплы і дружалюбны прыём, зносіны з супрацоўнікамі амбасады і членамі сям'і пасла, якія не толькі ў дасканаласці валодаюць рускай мовай, але вывучаюць беларускую мову, стараюцца на ей размаўляць. Гэта служыць добрым знакам павагі да нашай культуры.
Прыемнай нечаканасцю для студэнтаў і супрацоўнікаў аказаўся пачастунак – польская нацыянальная страва бігас. Студэнты 2 і 3 курсаў, вывучаючы ў мінулыя гады на занятках польскай мовы склад і прыгатаванне бігаса, хутчэй за ўсё не думалі, што ўпершыню паспрабуюць яго ў гасцях у самога пасла Рэспублікі Польшча. Хацелася б, каб такія сустрэчы сталі традыцыяй, яны матывуюць студэнтаў глыбей вывучаць мову, культуру і гісторыю Польшчы, актыўна працаваць для пашырэння беларуска-польскіх сувязяў.
Плашчынская Т. З., старшы выкладчык кафедры германскіх моў ФМА БДУ

