11 кастрычніка ў рамках праграмы Дыпламатычных чытанняў на факультэце прайшла сустрэча студэнтаў з фінансавым дырэктарам стартапа ў сферы высокатэхналагічнай прамысловасці. Мерапрыемства было арганізавана секцыяй англійскай мовы 1-2 курсаў спецыяльнасці «Мытная справа» (дацэнтам Вольгай Юр'еўнай Шыманскай, старшым выкладчыкам Галінай Пятроўнай Назаравай, выкладчыкам Любоўю Сяргееўнай Ахраменка). Тэма сустрэчы — «Як зрабіць кар'еру: першыя крокі пачынаюцца ва ўніверсітэце» . Спікер распавяла пра важныя рашэнні і крокі, якія трэба прадпрымаць, каб вызначыцца з выбарам прафесіі і дасягнуць вышынь у кар'ерным росце. Сярод такіх крокаў не толькі выбар спецыяльнасці і намер паспяхова засвойваць вучэбную праграму, але і канкрэтызацыя мэтаў, выбар пэўнага працадаўцы, удасканаленне камунікатыўных і кіраўніцкіх навыкаў на любой пасадзе. Студэнты, якія маюць досвед працы, падзяліліся сваімі першымі ўражаннямі, разам ацанілі кампетэнцыі, якія фармаваліся ў ходзе працоўнай дзейнасці, выявілі каштоўнасць нават самой не прэстыжнай, на першы погляд, працы для фарміравання кіраўніцкіх кампетэнцый. Па выніках сустрэчы студэнты вырашылі больш уважліва ацаніць рынак вакансій і ўжо з малодшых курсаў пачаць працаваць над сваёй будучай кар'ерай.
{gallery}2019/2019_10_11_02{/gallery}