За што ўсім нам, студэнтам, так падабаецца наш факультэт, дык гэта за атмасферу. Гэта месца, дзе пераплятаюцца розныя народы і культуры, дзе можна пачуць больш за 10 моў і дзе кожны дзень прыносіць новыя сустрэчы і новыя веды. Такую атмасферу падтрымліваюць нашы выкладчыкі, якія ўсё часцей і часцей арганізоўваюць займальныя сустрэчы студэнтам з прадстаўнікамі самых разнастайных сфер міжнародных адносін. Такія дыялогі ўжо сталі своеасаблівай традыцыяй нашага факультэта. Яны дапамагаюць не толькі глыбей зразумець пытанні, якія абмяркоўваюцца, але і далучыцца да культуры і мовы нашых гасцей.
У гэты панядзелак, 7 кастрычніка, такую магчымасць атрымалі студэнты, якія вывучаюць нямецкую мову. Наш факультэт наведаў Дырк Візэ, дэпутат Бундэстагу, каардынатар па міжграмадскаму супрацоўніцтве з Расіяй, краінамі Цэнтральнай Азіі і Усходняга партнёрства. На сустрэчы таксама прысутнічалі калега спадара Візэ спадар Сіпман, прадстаўнік Пасольства Германіі ў Мінску спадарыня Бельман, прадстаўнікі фонду ім. Ф. Эберта спадар Марсэль Рэціг, кіраўнік рэгіянальнага прадстаўніцтва ва Украіне і Беларусі, і спадар Міхаэль Майер, кіраўнік аддзела «Міжнародны дыялог» у Берліне.
Сустрэча пачалася з невялікага выступлення Д. Візэ на тэму «Грамадскі дыялог у рамках Усходняга партнэрства як аснова ўзаемнага даверу і разумення». Пасля студэнты атрымалі магчымасць задаць свае пытанні. У ходзе гутаркі былі закрануты такія тэмы, як эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Германіі, шляхі ўмацавання сувязяў нашай краіны з Еўрапейскім саюзам. Прыемным для гасцей стала пытанне, звязанае з іх нацыянальным святам — Днём германскага адзінства, якое адзначалася 3 кастрычніка. Што асабліва адрознівала дадзеную сустрэчу, дык гэта цёплы ўдзел гасцей і іх непадробная цікавасць да нас, студэнтаў. Напрыклад, спадар Майер звярнуў увагу на пераважную колькасць дзяўчат у аўдыторыі і іх актыўны ўдзел у дыскусіі, спытаў пра прычыну нашай цікавасці да Германіі і нямецкай мовы, пра моладзевыя трэнды ў Беларусі, пра нашы дзеянні ў галіне аховы навакольнага асяроддзя. Спадар Візэ таксама пацікавіўся, ці сапраўды нямецкую мову так складзана вывучаць замежнікам, як пра гэта кажуць, і папрасіў параіць цікавыя для наведвання мясціны ў нашай краіне.
На заканчэнне сустрэчы госці распавялі пра перспектывы Усходняга партнёрства, адзначыўшы, што гатовыя выслухаць прапановы студэнтаў па гэтай тэме.
Марыя Аніськовіч, студэнтка 4 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"