4 кастрычніка 2019 г. на факультэце адбыўся Рэспубліканскі навукова-практычны семінар "Даследаванне міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь: стан і перспектывы". Ініцыятарам семінара сталі кафедра міжнародных адносін і Цэнтр еўразійскіх і еўрапейскіх даследаванняў БДУ. Семінар стаў працягам дыскусіі аб сучасным фармаце і выніковасці навуковых падыходаў да даследавання і выкладання пытанняў міжнародных адносін, пачатак якой быў пакладзены ў мінулым годзе.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў семінара звярнуўся дэкан факультэта міжнародных адносін В. Шадурскі. Ён арыентаваў на больш актыўнае данясенне вынікаў навуковых распрацовак да беларускай грамадскасці і навуковай супольнасці Беларусі. Загадчык кафедры міжнародных адносін М. Часноўскі падкрэсліў асаблівую значнасць падобных мерапрыемстваў для апрабацыі палажэнняў кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
Праца семінара праходзіла ў рамках трох навуковых сесій. На першай дакладчыкі дзяліліся найноўшымі падыходамі да вывучэння і выкладання праблем міжнародных адносін у Рэспубліцы Беларусь. На другой беларускія вучоныя-міжнароднікі ацанілі змены, што адбыліся ў знешняй палітыцы Беларусі ў кантэксце трансфармацыі сучасных міжнародных адносін. Трэцяя сесія прысвячалася рэгіянальнаму канструяванню сучаснай еўразійскай прасторы.
Удзельнікі семінара заслухалі выступленні арганізатараў семінара і гасцей: прафесараў У. Снапкоўскага, М. Часноўскага, А. Байчорава, Ю. Малевіч, С. Свілас, дацэнтаў А. Ціхамірава, Р. Турарбекавай. Актыўны ўдзел у працы семінара прынялі аспіранты і магістранты спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны” А. Пашкоўская, Л. Манцэвіч, В. Жураўская, Хань Юй, Хуан Куньпэн, Лі Мэн, Ян Бінлян, Шы Даньдань, Ван Фа, Шы Вэй, К. Ярмашук, Хэ Юэцзэ. Удзельнікі семінара разгледзелі і ацанілі вынікі ажыццяўлення знешняй палітыкі Беларусі, звярнуўшы ўвагу на высокую ступень уплыву ўнутраных фактараў на ажыццяўленне знешняй палітыкі беларускай дзяржавы. Таксама яны прааналізавалі інавацыйныя падыходы ў вобласці метадалогіі вывучэння і выкладання міжнародных адносін на мікра- і макраўзроўні. Падчас дыскусіі завастрылася ўвага на пытаннях рэканфігурацыі Еўразіі з улікам узрастання вагі Азіі ў сучасных міжнародных працэсах. Асабліва адзначалася роля Кітая ў ажыццяўленні дадзенага працэса.
Удзельнікі выказалі ўдзячнасць за садзейнічанне ў арганізацыі семінара метадысту Н. Дзярноўскай і студэнтам спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны” – валанцёрам Цэнтра еўразійскіх і еўрапейскіх даследаванняў Б. Пятрашку і В. Радзько.
У заключнай частцы семінара яго ўдзельнікі ўнеслі шэраг канструктыўных прапаноў па арганізацыі навуковых даследаванняў у вобласці міжнародных адносін і знешняй палітыкі Беларусі.