Трэцяя Летняя школа "Моладзь супраць нелегальнага гандлю» ў гэтым годзе была арганізавана Асацыяцыяй «БелБрэнд» сумесна з кафедрай мытнай справы факультэта міжнародных адносін БДУ.
З 23 па 27 верасня перад слухачамі школы выступілі спікеры з Беларусі і Расіі па актуальных пытаннях, эканамічных і заканадаўчых аспектах абароны інтэлектуальнай уласнасці, барацьбы з нелегальным гандлем і распаўсюджваннем кантрафактнай прадукцыі. Склад спікераў быў сфармаваны з прадстаўнікоў Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, прадстаўнікоў замежных і беларускіх кампаній, выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Рэспубліканскага інстытута вышэйшай школы, Белгарадскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расія).
У лік слухачоў школы ўвайшлі студэнты спецыяльнасці "Мытная справа" факультэта міжнародных адносін, студэнты Белгарадскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Расійская Федэрацыя), студэнты і магістранты віцебскіх ВНУ, прадстаўнікі ГА «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі».
Праграма праекту "Летняя школа" ўключала вывучэнне сістэмы аховы правоў на аб'екты інтэлектуальнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь ва ўмовах мытнай тэрыторыі ЕАЭС, сучасных формаў фальсіфікацыі прамысловай прадукцыі, міжнароднай аховы інтэлектуальнай уласнасці, маркіроўкі тавараў сродкамі ідэнтыфікацыі ў ЕАЭС, практычныя аспекты канкурэнтнай палітыкі на мытнай тэрыторыі ЕАЭС і іншыя важныя тэмы. Аб абароне таварнага знака і барацьбе кампаніі «Beiersdorf» (брэнд Nivea) з распаўсюджваннем кантрафактных касметычных тавараў распавёў слухачам школы прадстаўнік кампаніі Даніэль Федаркоў (Расія).
Выязны занятак школы прайшоў на базе вядучага беларускага вытворцы кар'ерных самазвалаў – прадпрыемства БЕЛАЗ-Холдынг.
Акрамя займальнай экскурсіі па прадпрыемстве была прадугледжана сустрэча з Андрэем Чынкіным, памочнікам генеральнага дырэктара ААТ «БелАЗ» па рэжыму і эканамічнай бяспецы, які расказаў аб дзейнасці БЕЛАЗ у сферы абароны інтэлектуальнай уласнасці і метадах барацьбы холдынгу з кантрафактам.
Пасяджэнне Дыскусійнага клуба стала адным з выніковых мерапрыемстваў Трэцяй Летняй школы Асацыяцыі "БелБрэнд" "Моладзь супраць нелегальнага гандлю".
Тэма пасяджэння –«Сацыяльна-эканамічныя наступствы распаўсюджвання кантрафактнай прадукцыі і нелегальнага гандлю».
У абмеркаванні прынялі ўдзел прадстаўнікі Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці, Вярхоўнага суда, Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, выкладчыкі і студэнты факультэта міжнародных адносін Белдзяржуніверсітэта, патэнтныя павераныя Рэспублікі Беларусь, прадстаўнікі бізнесу.
Дыскусійны клуб "БелБрэнд" – праект, у рамках якога актуальныя пытанні абароны інтэлектуальнай уласнасці абмяркоўваюць на адной пляцоўцы прадстаўнікі дзяржаўнага сектара, дэпутацкага корпуса, прадпрыемстваў, бізнес-і акадэмічных структур.
Завяршылася Летняя школа ўрачыстым адкрыццём спецыялізаванага кабінета Асацыяцыі «БелБрэнд» і кафедры мытнай справы ФМА БДУ «Эканамічная бяспека і інтэлектуальная ўласнасць».
{gallery}2019/2019_09_27_02{/gallery}