На кафедры англійскай мовы гуманітарных спецыяльнасцяў адбылася сустрэча з замежнай госцяй, нашай былой суайчынніцай Дар'яй Падгарэцкай, якая ўжо шмат гадоў жыве ў Вялікабрытаніі. Гэту сустрэчу для студэнтаў 2 курса спецыяльнасці «Міжнароднай права» арганізаваў старшы выкладчык кафедры Дзяніс Міхайлавіч Тушынскі.
Зараз Дар'я вывучае палітыку і сацыялогію ва ўніверсітэцкім каледжы Лондана (University College of London), які ўваходзіць у склад Лонданскага ўніверсітэта. У нашай госці ёсць дыплом Амерыканскай Школы Барселоны і прэзідэнцкая ўзнагарода за акадэмічную паспяховасць (President's Outstanding Academic Excellence Award). Яна свабодна гаворыць на трох мовах і цяпер вывучае беларускую мову. Дар'я — прэзідэнт факультэта славянскіх і ўсходнееўрапейскіх даследаванняў, а таксама прэзідэнт дыпламатычнай супольнасці ў сваім каледжы. Гэтым летам наша госця атрымала стыпендыю на акадэмічныя даследаванні «The Laidlaw Research and Leadership Programme». У рамках гэтай праграмы яна піша навуковую працу аб Камітэце дапамогі нямецкім бежанцам Белфаста ў перыяд Другой Сусветнай вайны.
У нашу краіну Дар'я прыехала на стажыроўку ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На сустрэчы са студэнтамі Дар'я закранула цэлы шэраг пытанняў: спецыфіка студэнцкага жыцця ў Вялікабрытаніі, перспектывы працаўладкавання і навуковай дзейнасці, неабходнасць вывучэння замежных моў. Наша госця паведаміла аб сваёй уласнай навуковай рабоце і аб стажыроўцы ў беларускім Парламенце. Не абышлося, зразумела, і без абмеркавання тэмы Брэксіта.
Нашы студэнты распавялі Дар'і пра свае планы, перспектывы, чаканні, звязаныя з будучай прафесійнай дзейнасцю ў галіне міжнароднага права.
Мы дзякуем Дар'і Падгарэцкай за цікавую сустрэчу і жадаем ёй далейшых творчых і навуковых дасягненняў!