25 верасня на факультэце міжнародных адносін БДУ адбыўся Круглы стол па пытаннях вымушанай міграцыі. У межах сустрэчы абмеркавалі вынікі рэалізацыі Закона "Аб прадастаўленні замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства статусу бежанца, дадатковай абароны, прытулку і часовай абароны ў Рэспубліцы Беларусь». Чарговая рэдакцыя дакумента ўступіла ў сілу 1 ліпеня 2017 года. У ходзе дыскусіі эксперты разгледзелі неабходнасць унясення зменаў у дакумент з улікам актуальнай сітуацыі ў Беларусі, а таксама ўдзел дзяржаў у канвенцыях ААН па пытаннях безграмадзянства: аб статусе апатрыдаў (асоба, якая не атрымала грамадзянства ў краіне знаходжання) 1954 года і скарачэння безграмадзянства 1961 года.
Прадстаўнік УВКБ ААН у Рэспубліцы Беларусь Жан-Іў Бушардзі адзначыў, што шмат хто лічыць праблему безграмадзянства нябачнай, але пры гэтым яна існуе. У свеце налічваецца каля 10 мільёнаў асоб без грамадзянства. У адпаведнасці з артыкулам 15 «Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека» — «кожны чалавек мае права на грамадзянства».
З дакладам "Роля Парламента ва ўдасканаленні нацыянальнага заканадаўства ў сферы вымушанай міграцыі і грамадзянства" выступіла старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Валянціна Ражанец. Паводле меркавання міжнародных экспертаў, са слоў спікера, беларускае заканадаўства ў сферы вымушанай міграцыі з'яўляецца ўзорам для краін-членаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў.
Аб праблемах прытулку, грамадзянства і безграмадзянства ў рэспубліцы: дасягненнях, якія патрабуюць удасканалення, пытаннях і прыярытэтных кірунках далейшага развіцця распавёў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў краіны Аляксей Бягун. З яго слоў, у бліжэйшы час завершыцца працэдура падрыхтоўкі агаворак і ўнясення прапаноў па далучэнні Беларусі да канвенцый ААН па скарачэнні безграмадзянства і будуць унесены змены ў Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь».
Таксама на круглым стале выступілі прадстаўнікі Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Беларусі, Цэнтра міграцыйных даследаванняў (Масква), прадстаўніцтва УВКБ ААН у Беларусі і інш.
Круглы стол прайшоў напярэдадні мерапрыемства высокага ўзроўню па пытаннях безграмадзянства, якое адбудзецца ў кастрычніку ў г. Жэнева (Швейцарыя) пад эгідай УВКБ ААН.
Арганізатарамі круглага стала выступілі Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў, БДУ, Міжнароднае грамадскае аб'яднанне па навукова-даследчых і інфармацыйна-адукацыйных праграмах «Развіццё». Падтрымку мерапрыемству аказаў Савет Еўропы.
{gallery}2019/2019_09_25{/gallery}