19 верасня студэнты 1 і 2 курса факультэта міжнародных адносін наведалі выставу нямецкага мастака Германа Бусса "Палеская элегія. Страчаная зямля", якая праходзіць у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. На карцінах адлюстравана чарнобыльская трагедыя, праз тры дзесяцігоддзі, вачыма чалавека, які патрапіў на пацярпелую зямлю. Асноўны пасыл работ майстра — паказаць, як чарнобыльская катастрофа паўплывала на зямлю і людзей. Яго творы прымушаюць задумацца пра каштоўнасць кожнага моманту, зменлівасць усяго існага і ўсёпаглынальную прыгажосць навакольнага свету. Рэалістычны жывапіс змог выдатна перадаць працэс разбурэння сінтэзу паміж людзьмі, архітэктурай і прыродай і дазволіў акунуцца ў бязмежны свет разважанняў.
У рамках знаёмства з выставай старшым выкладчыкам кафедры германскіх моў Кацярынай Іванаўнай Ядчанка быў арганізаваны і праведзены воркшоп для студэнтаў, падчас якога ўдзельнікі змаглі пашырыць свой кругагляд, узбагаціць свае веды, звязаныя з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС, разбурыць некаторыя стэрэатыпы аб аварыі, абмеркаваць пытанні пражывання на бліжэйшых тэрыторыях, больш падрабязна азнаёміліся з гісторыяй таго часу і, выкарыстоўваючы асабісты вопыт, па завяршэнні дыскусіі змаглі сфармаваць сваё меркаванне ў дачыненні праблемы сусветнага маштабу. Арганізаванае мерапрыемства змагло сумясціць у сабе карысць і цікавае правяденне часу для ўсіх прысутных. Студэнты з радасцю падзяліліся сваімі ўражаннямі:
«Гэтая выстава стала вельмі цікавым і незвычайным вопытам. Да таго, як мы прыйшлі на яе, нам задалі некалькі нескладаных пытанняў, на якія трэба было коратка адказаць. Гэта былі простыя заданні, аднак менавіта яны пазней паказалі ўсю стэрэатыпнасць нашага мыслення» (Дар'я, студэнтка першага курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка").
«Воркшоп даў магчымасць паглядзець на ўкаранелыя ў нашых галовах рэчы з іншага боку. Таксама было неверагодна цікава даведацца больш пра культуру Германіі і пра тое, як нямецкі народ бачыць нашу краіну. Я думаю, што такія мерапрыемствы варта наведваць для пашырэння кругагляду і знаёмства з альтэрнатыўным меркаваннем» (Марыя, студэнтка першага курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка").
«Для мяне тэма Чарнобыльскай катастрофы заўсёды была чымсьці вельмі непрыемным. У мастака выдатна атрымалася адлюстраваць ўвесь страх і жах, які напаўняе маё сэрца, калі я думаю пра наступствы гэтай падзеі. У ходзе выставы мы пачулі шмат цікавых фактаў і гісторый, якія ляглі ў аснову карцін. І ўсе гэтыя гісторыі можна разглядаць шматгранна, усё залежыць ад таго, хто які сэнс у іх уклаў. Таму можна сказаць, што выстава дае матэрыял для разважанняў» (Анастасія, студэнтка першага курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка").
"Першае ўражаньне пра выставу ў мяне было сумнае, таму што ўсе карціны былі ў халодных танах, дамы былі разбураны, а мясцовасць закінутая. Амаль на кожнай карціне былі могілкі. Усе гэтыя дэталі стваралі змрочную атмасферу, але ў іх было і нешта жыццесцвярджальнае. Менавіта пры дэталёвым разглядзе работ майстра я заўважыла прыродную прыгажосць свету" (Соф'я, студэнтка першага курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка").
«Наведаўшы выставу, я зразумела, што не ўсё страчана. Так, няхай гэта і называюць "мёртвай зонай", таму што забруджванне пасля аварыі ўсё яшчэ прысутнічае, але прырода ўсё роўна працягвае жыць. На карцінах гэта было добра намалявана. Я вельмі рада, што змагла наведаць гэтую выставу і паглядзець на дадзеную трагедыю з іншага боку. Усё-ткі трэба ўмець шукаць плюсы ў любой сітуацыі" (Дана, студэнтка першага курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка").
«На мой погляд, карціны Германа Бусса выпраменьваюць новае жыццё. Гледзячы на іх, разумееш, што, пасля любых надзённых абставінаў, важна знайсці нешта жыццядзейнае. Вельмі маляўніча» (Анастасія, студэнтка першага курса аддзялення "Сусветная эканоміка").
Мы рэкамендуем усім студэнтам наведаць дадзеную выставу.
Уладзіслаў Казарэдаў, студэнт 1 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка»