Select your language

У Беларусі стартаваў II конкурс моладзевых гістарычных прац «За кадрам: ад гісторыі сям'і да гісторыі супольнасці». Конкурс накіраваны на вывучэнне «жывой» гісторыі Беларусі другой паловы XX стагоддзя праз даследаванне сямейных і лакальных фотаархіваў і ўспамінаў відаводцаў. Арганізатары прапануюць маладым людзям ад 15 да 25 гадоў звярнуць увагу на малавывучаныя старонкі гісторыі Беларусі ў перыяд з 1945 па 2000 год. Сярод прапанаваных тэм — паўсядзённы побыт, моладзевыя субкультуры, трансфармацыя гендэрных роляў у сем'ях, нефармальныя моладзевыя рухі і іншыя. Даследчая работа павінна быць заснавана на аналізе архіўных фатаграфій, а таксама вусных апавяданняў відаводцаў падзей і з'яў. Падрабязную інфармацыю аб конкурсе і ўмовах удзелу можна знайсці на сайце конкурсу. Афіцыйная прэзентацыя конкурсу ў Мінску адбудзецца 19 верасня 2019 года ў Цэнтральнай бібліятэцы імя Янкі Купалы (вул. В. Харужай, 16). Час прэзентацыі: з 16.00 да 18.00 гадзін. Акрамя падрабязнай інфармацыі аб тым, як будзе праходзіць конкурс гістарычных работ у гэтым годзе, на прэзентацыі будзе магчымасць даведацца больш аб працы з фотаархівамі, а таксама пагутарыць з удзельнікамі і куратарамі конкурсу мінулага года. У мерапрыемстве прымуць удзел арганізатары конкурсу — прадстаўнікі DVV International у Беларусі, Моладзевага грамадскага аб'яднання «Гісторыка», удзельнікі і куратары мінулага года, а таксама запрошаныя госці. Падрабязная праграма сустрэчы будзе высланая зарэгістраваным на мерапрыемства ўдзельнікам дадаткова.

Удзел у прэзентацыі бясплатны, для ўдзелу неабходна зарэгістравацца па спасылцы да 17 верасня 2019 года.

Дадатковая інфармацыя: Гэты адрас электроннай пошты абаронены ад спам-ботаў. У вас павінен быць уключаны JavaScript для прагляду., (017) 207 98 35, (029) 171 93 97 Кантактная асоба: Ліана.