Select your language

23 мая 2019 года на факультэце міжнародных адносін прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дрэва гінкга як падарунку Інстытута імя Гётэ Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Дадзеная цырымонія была прымеркавана да 25-гадовага юбілею Інстытута імя Гётэ ў Беларусі, які адзначаўся некалькімі днямі пазней, 25-га мая. У гонар свайго 25-гадовага юбілею Інстытут імя Гётэ здзейсніў 25 дарэнняў дрэў гінкга сваім самым блізкім партнёрам, з якімі на працягу гэтага часу было рэалізавана мноства праектаў у сферы адукацыі і культуры з мэтай наладжвання і развіцця беларуска-нямецкага дыялогу. Такім важным і значным партнёрам для Інстытута імя Гётэ стаў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

Цырымонію ўручэння дрэва ўрачыста адкрыў дэкан факультэта міжнародных адносін прафесар Віктар Генадзьевіч Шадурскі. У сваёй прамове дэкан падкрэсліў значнасць супрацоўніцтва нашага факультэта з Інстытутам, назваў важныя вехі і перыяды гэтага супрацоўніцтва. З прывітальным словам выступіў таксама і прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці БДУ Міхаіл Барысавіч Чарапеннікаў. Ён таксама падкрэсліў асаблівую ролю Інстытута ў развіцці выкладання замежнай мовы ў беларускіх ВНУ, пры гэтым прывёў прыклад ўласнага досведу вывучэння нямецкай мовы ў сценах Інстытута. Дырэктар Інстытута імя Гётэ Якаб Рачак у сваёй прамове падзякаваў універсітэту і ўсім прысутным за ўклад у развіццё сумесных праектаў і выказаў надзею на іх працяг у бліжэйшыя гады. Ён звярнуўся да сімвала дрэва гінкга, любімага дрэва І. В. Гётэ, працягласць жыцця якога можа дасягаць тысячы гадоў, і выказаў надзею на тое, што разам з гэтым дрэвам будуць расці і мацнець беларуска-нямецкія ўзаемаадносіны. Напрыканцы афіцыйнай часткі свята выступілі студэнткі факультэта міжнародных адносін Іванча Аляксандра і Уласік Кацярына з невялікай прэзентацыяй, дзе адзначылі важнасць дзейнасці Інстытута для ўніверсітэта, факультэта і іх асабіста.

Пасадка дрэва адбылася каля біялагічнага факультэта БДУ. У ёй прынялі ўдзел таксама і студэнты факультэта міжкультурных камунікацый, якія прачыталі вершы І. В. Гётэ. З прывітальным словам на месцы пасадкі выступілі дэкан біялагічнага факультэта прафесар В. В. Дзямідчык і дэкан факультэта сацыякультурных камунікацый С. А. Важнік.

Згодна з традыцыяй Інстытута імя Гётэ, падоранаму дрэву гінкга білоба прысвойваецца імя чалавека, супрацоўніцтва з якім аказала адмысловы ўплыў на развіццё ўніверсітэта. Такім чалавекам стаў для нас некалі прэзідэнт Інстытута Вюрцбург-Швайнфурт-Ашафенбург, прафесар Вольфганг Фехнер. Прафесар Фехнер – знакавая фігура ў беларуска-нямецкіх адносінах. Пры яго дапамозе і садзейнічанні быў рэалізаваны шэраг навуковых праектаў на карысць БДУ. Аднак бадай, галоўнай заслугай прафесара Фехнера перад Беларуссю з'яўляецца яго дабрачынная дзейнасць, накіраваная на дапамогу ахвярам аварыі на ЧАЭС, якімі сталі і дзеці. Дзякуючы нястомнай працы і фінансавай дапамозе ў 1990-я гады ў Беларусі быў створаны Дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Надзея». У 1995 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прысвоіў прафесару Фехнеру званне Заслужанага прафесара БДУ. У бліжэйшы час ля пасаджанага дрэва гінкга будзе ўсталявана памятная шыльда з імем прафесара Фехнера. 

{gallery}2019/2019_05_23{/gallery}