23 мая 2019 года на факультэце міжнародных адносін прайшла ўрачыстая цырымонія ўручэння дрэва гінкга як падарунку Інстытута імя Гётэ Беларускаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Дадзеная цырымонія была прымеркавана да 25-гадовага юбілею Інстытута імя Гётэ ў Беларусі, які адзначаўся некалькімі днямі пазней, 25-га мая. У гонар свайго 25-гадовага юбілею Інстытут імя Гётэ здзейсніў 25 дарэнняў дрэў гінкга сваім самым блізкім партнёрам, з якімі на працягу гэтага часу было рэалізавана мноства праектаў у сферы адукацыі і культуры з мэтай наладжвання і развіцця беларуска-нямецкага дыялогу. Такім важным і значным партнёрам для Інстытута імя Гётэ стаў і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
Цырымонію ўручэння дрэва ўрачыста адкрыў дэкан факультэта міжнародных адносін прафесар Віктар Генадзьевіч Шадурскі. У сваёй прамове дэкан падкрэсліў значнасць супрацоўніцтва нашага факультэта з Інстытутам, назваў важныя вехі і перыяды гэтага супрацоўніцтва. З прывітальным словам выступіў таксама і прарэктар па эканоміцы і матэрыяльна-тэхнічным развіцці БДУ Міхаіл Барысавіч Чарапеннікаў. Ён таксама падкрэсліў асаблівую ролю Інстытута ў развіцці выкладання замежнай мовы ў беларускіх ВНУ, пры гэтым прывёў прыклад ўласнага досведу вывучэння нямецкай мовы ў сценах Інстытута. Дырэктар Інстытута імя Гётэ Якаб Рачак у сваёй прамове падзякаваў універсітэту і ўсім прысутным за ўклад у развіццё сумесных праектаў і выказаў надзею на іх працяг у бліжэйшыя гады. Ён звярнуўся да сімвала дрэва гінкга, любімага дрэва І. В. Гётэ, працягласць жыцця якога можа дасягаць тысячы гадоў, і выказаў надзею на тое, што разам з гэтым дрэвам будуць расці і мацнець беларуска-нямецкія ўзаемаадносіны. Напрыканцы афіцыйнай часткі свята выступілі студэнткі факультэта міжнародных адносін Іванча Аляксандра і Уласік Кацярына з невялікай прэзентацыяй, дзе адзначылі важнасць дзейнасці Інстытута для ўніверсітэта, факультэта і іх асабіста.
Пасадка дрэва адбылася каля біялагічнага факультэта БДУ. У ёй прынялі ўдзел таксама і студэнты факультэта міжкультурных камунікацый, якія прачыталі вершы І. В. Гётэ. З прывітальным словам на месцы пасадкі выступілі дэкан біялагічнага факультэта прафесар В. В. Дзямідчык і дэкан факультэта сацыякультурных камунікацый С. А. Важнік.
Згодна з традыцыяй Інстытута імя Гётэ, падоранаму дрэву гінкга білоба прысвойваецца імя чалавека, супрацоўніцтва з якім аказала адмысловы ўплыў на развіццё ўніверсітэта. Такім чалавекам стаў для нас некалі прэзідэнт Інстытута Вюрцбург-Швайнфурт-Ашафенбург, прафесар Вольфганг Фехнер. Прафесар Фехнер – знакавая фігура ў беларуска-нямецкіх адносінах. Пры яго дапамозе і садзейнічанні быў рэалізаваны шэраг навуковых праектаў на карысць БДУ. Аднак бадай, галоўнай заслугай прафесара Фехнера перад Беларуссю з'яўляецца яго дабрачынная дзейнасць, накіраваная на дапамогу ахвярам аварыі на ЧАЭС, якімі сталі і дзеці. Дзякуючы нястомнай працы і фінансавай дапамозе ў 1990-я гады ў Беларусі быў створаны Дзіцячы рэабілітацыйны цэнтр «Надзея». У 1995 годзе Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт прысвоіў прафесару Фехнеру званне Заслужанага прафесара БДУ. У бліжэйшы час ля пасаджанага дрэва гінкга будзе ўсталявана памятная шыльда з імем прафесара Фехнера.
{gallery}2019/2019_05_23{/gallery}