Напярэдадні святкавання Дня Перамогі на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча студэнтаў з Аляксандрай Барысавай, былой вязніцай канцлагера Асвенцым, кіраўніком Рэспубліканскай арганізацыі «Вязні Асвенцыма».
Падчас выступу было закранута некалькі аспектаў. Перш за ўсё, гэта гісторыя жыцця самой госці, яе перажыванні, першыя сустрэчы з немцамі, першыя бамбёжкі, успаміны пра жахі фашысцкага палону, дзе панавала нябачаная жорсткасць, здзекі, прыніжэнне чалавечай годнасці. Таксама Аляксандра Васільеўна распавяла пра гісторыю іншых людзей, якія з'яўляліся сведкамі тых падзей. Гэтыя жывыя сведчанні не дазваляюць перапісаць гісторыю, абяліць фашысцкія зверствы.
Госця крыху спынілася і на тэме вайны ў гісторыі сваёй сям'і. Яе маці, бацька, браты бралі актыўны ўдзел у партызанскім руху, іншыя сваякі змагаліся на франтах, многія загінулі. Аляксандра Васільеўна падкрэсліла, што ёй не сорамна за сваіх сваякоў і яна ўдзячна ім і ўсім салдатам за мужнасць, гераізм, самаадданасць, дзякуючы чаму ўсе мы можам жыць у міры. Усе прысутныя на сустрэчы змаглі адчуць той боль, які атрымалі людзі падчас вайны, падчас зняволення ў канцлагерах.
Менавіта дзякуючы такім сустрэчам пачынаеш востра разумець, як кволы мір, як лёгка можна знішчыцьчалавечае жыццё.
Такія сустрэчы з нешматлікімі ўжо жывымі сведкамі тых падзей накіраваны на тое, каб мы ні ў якім разе не забывалі гісторыю, не забывалі мужнасці і гераізму сваіх «дзядоў», каб кожны ведаў, як цяжка дастаўся гэты мір. Гісторыі з асабістага жыцця даюць адчуць, наколькі ж страшна і жудасна было тады і як жа пашанцавала сучаснаму пакаленню жыць у мірны час і асабіста не ведаць, што такое вайна.
Вялікі дзякуй Аляксандры Васільеўне за выступленне, за аптымізм, за бадзёрасць духу.
{gallery}2019/2019_05_03{/gallery}