Select your language

24 красавіка 2019 года ў рамках праграмы тыдня студэнцкай навукі на ФМА БДУ на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў быў арганізаваны конкурс прэзентацый на тэму "Уплыў міжкультурнага кампанента на поспех у сусветным лідарстве".

Удзельнікамі мерапрыемства сталі студэнты трэцяга курса спецыяльнасці «Мытная справа» пад кіраўніцтвам старэйшых выкладчыкаў кафедры Тамарынай Алы Сяргееўны і Ахрымені Галіны Іллінічны.

Студэнты абмяркоўвалі канцэпцыі вядзення бізнесу ў розных краінах, уплыў культуры сваёй краіны і культуры іншых краін на бізнес-паводзіны ў розных кампаніях і карпарацыях, як фармуецца структура кампаній пад уплывам рэлігійных і філасофскіх перакананняў.

Студэнты параўноўвалі, аналізавалі, ацэньвалі мадэлі вядзення бізнесу такіх лідыруючых на сённяшні дзень краін, як Германія, Францыя, Кітай, Японія, Вялікабрытанія і ЗША.

Юлія Самец і Наталля Кажура выступілі з прэзентацыяй "Confucian principles and Eastern business: how does it work?" Студэнткі распавялі пра ролю этычных каштоўнасцяў канфуцыянства ў арганізацыі і вядзенні бізнесу ў краінах Азіі. Паліна Міцкевіч і Артур Панцюхоў у прэзентацыі "Germany: Management and the concept of Ordnung" падкрэслілі, што пунктуальнасць, вельмі строгае выкананне інструкцый, няўхільнае выкананне пунктаў раней пазначанага плана вывелі Германію на лідыруючыя сусветныя пазіцыі ў эканоміцы. Пра тое, як брытанскія менеджары паважаюць традыцыі сваёй краіны і наколькі яны прагматычныя ў прыняцці рашэнняў, расказалі Юлія Лагун і Вікторыя Сасноўская у прэзентацыі "British pragmatism: myths and reality". Асаблівасцям вядзення амерыканскага бізнесу, такім, як індывідуалізм, дух суперніцтва, фінансавая матывацыя, прысвяцілі сваю прэзентацыю "Monetary motivation of American managers" Ганна Вількоўская і Глеб Ходзін.

Лепшай на конкурсе была прызнаная прэзентацыя Дар'і Цябус "Leadership style and features of doing business in France". Слухачы ацанілі, па-першае, як лагічна, структуравана Дар'я прадставіла асноўныя мадэлі арганізацыі прадпрыемстваў у Францыі, а, па-другое, візуальнае суправаджэнне прэзентацыі.

Было адзначана, што французскі кіраўнік павінен валодаць прамоўніцкімі здольнасцямі і адрознівацца красамоўствам. Акрамя таго, ён звычайна з'яўляецца выпускніком прэстыжнага французскага ўніверсітэта. Студэнтка закранула пытанні этыкі ўзаемаадносін паміж кіраўніком і падначаленым, паміж членамі каманды.

Выступленні студэнтаў далі дакладнае разуменне таго, як вядзецца бізнес у перадавых краінах свету, які ўплыў аказвае міжкультурны кампанент на поспех розных кампаній, пачынаючы ад дрэс-кода і заканчваючы глыбока ўкаранёнымі рэлігійнымі і філасофскімі асаблівасцямі.

Самец Юлія, студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Мытная справа" 

{gallery}2019/2019_04_24_02{/gallery}