Студэнты спецыяльнасці «Міжнароднае права» ФМА БДУ – зноў у ліку лепшых на конкурсах па міжнароднаму праву!
Каманда факультэта ўвайшла ў топ-16 каманд на міжнародных раўндах спаборніцтваў па медыя праву ім. Манро Прайса (Price Media Law Moot Court), якія прайшлі з 8 па 12 красавіка 2019 г. у Оксфардзе (Вялікабрытанія).
Факультэт у гэтым годзе прадстаўлялі студэнты 2 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права" Галубіч Ірына, Лашкевіч Станіслаў, Апімах Вольга, Усачык Крысціна, Вербановіч Анастасія. Трэнерамі каманды выступілі Маршын Паола — магістрант кафедры міжнароднага права, і Некрашэвіч Яўгенія — выпускніца спецыяльнасці "Міжнароднае права", якія у 2018 годзе былі членамі каманды ФМА, што ўвайшла ў спіс топ-16 каманд свету на спаборніцтве ім. Прайса.
Нашы студэнты атрымалі перамогу ў папярэдніх раўндах, аднак у 1/8 фіналу каманда ФМА ў сур'ёзным паядынку саступіла супернікам з Оксфардскага ўніверсітэта (Вялікабрытанія).
У конкурсе бяруць удзел каля 90 каманд з усяго свету, і толькі 39 каманд у гэтым годзе ўдастоіліся права ўдзельнічаць у міжнародных раўндах. Наша каманда атрымала магчымасць выступаць у Оксфардзе пасля таго, як, пакінуўшы ззаду каманды з Нацыянальнага ўніверсітэта "Кіева-Магілянская акадэмія», Вільнюскага ўніверсітэта і Універсітэта Латвіі, заняла 2 месца на рэгіянальных раўндах спаборніцтва, якія праходзілі ў Кіеве ў снежні 2018 г.
Конкурс ім. Манро Прайса з'яўляецца унікальным у сваім родзе спаборніцтвам па міжнароднаму праву, фінальныя раўнды якога штогод праходзяць на юрыдычным факультэце Оксфардскага ўніверсітэта. Студэнтам неабходна падрыхтаваць пісьмовыя пазіцыі, а затым вусна прадставіць іх перад суддзямі Сусветнага суда па правах чалавека (выдуманы суд) .Традыцыйнымі тэмамі спаборніцтва з'яўляюцца права на свабоду выказвання меркаванняў, права на недатыкальнасць прыватнага жыцця, супрацьдзеянне мове варожасці і падбухторвання да гвалту, адказнасць медыя- платформаў за дзеянні трэціх бакоў.
Факультэт выказвае падзяку Пасольству Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Рэспубліцы Беларусь за аказаную студэнтам падтрымку.

