1—2 красавіка на базе факультэта міжнародных адносін БДУ адбылася мінская сесія міжнароднага праекта «Адносіны Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі з краінамі Прыбалтыйскага рэгіёну: фарсайт-2030»
На сесіі ФМА прадстаўлялі студэнты 1—3 курсаў спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны» і «Сусветная эканоміка». Акрамя прадстаўнікоў факультэта міжнародных адносін, у сесіі прынялі ўдзел студэнты і выкладчыкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта (Санкт-Пецярбург) і Дзяржаўнага акадэмічнага ўніверсітэта гуманітарных навук (Масква). У якасці экспертаў у сесіі прымалі ўдзел дэкан факультэта міжнародных адносін прафесар В. Г. Шадурскі, намеснік дэкана факультэта міжнародных адносін дацэнт В. Ф. Малашанкава, загадчык кафедры дыпламатычнай і консульскай службы А. В. Русаковіч, дацэнт кафедры дыпламатычнай і консульскай службы І. М. Аўласенка, старшы выкладчык кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў А. В. Пільгун, дырэктар Цэнтра па праблемах Еўрапейскай інтэграцыі Ю. В. Шаўцоў. З дакладам выступіў намеснік Старшыні РГА «Белая Русь» А. В. Шацько. З боку расейскіх калегаў прагучалі выступленні прафесара СПБГУ, дырэктара РАПІ Н. М. Мяжэвіча, прафесара СПбГУ Н. Ю. Маркушынай, а таксама дырэктара Інстытута прыгранічнага супрацоўніцтва і інтэграцыі В. А. Сапрыкі.
У ходзе пленарнага пасяджэння сесіі былі раскрыты актуальныя праблемы супрацоўніцтва Беларусі і Расіі ў рамках Саюзнай дзяржавы, а таксама перспектывы правядзення агульнай палітыкі ў адносінах да дзяржаў Прыбалтыкі. Дэкан факультэта міжнародных адносін В. Г. Шадурскі выступіў з дакладам аб сучасным стане беларуска-расійскіх адносін і расстаноўцы сіл у Прыбалтыйскім рэгіёне. Былі згаданыя меры, якія прымаюцца дзяржавамі для ўзмацнення інтэграцыі, і пазначаны магчымыя шляхі вырашэння існуючых праблем. Старшыня Расійскай асацыяцыі прыбалтыйскіх даследаванняў Н. М. Мяжэвіч выказащ меркаванне пра магчымасці правядзення скаардынаванай палітыкі Саюзнай дзяржавы ў дачыненні да дзяржаў Прыбалтыкі і паказаў, у якіх кірунках адбываецца развіццё больш цесных адносін Беларусі і Расіі. Прафесар СПБГУ Н. Ю. Маркушына падчас свайго выступу раскрыла пытанне «Чаму Прыбалтыка не Паўночная Еўропа?», канкрэтызаваўшы геапалітычную абстаноўку ў дадзеным рэгіёне.
Далейшая праца ўдзельнікаў фарсайт-сесіі будавалася на выпрацоўцы дарожнай карты для Саюзнай дзяржавы. Студэнты падзяліліся на групы, у якіх мадэлявалі пазітыўны і негатыўны сцэнар развіцця падзей, разлічвалі магчымыя рызыкі для дзяржаў рэгіёну, а таксама на аснове праведзенай работы прапаноўвалі свае рэкамендацыі. У ходзе гэтай часткі фарсайт-сесіі студэнты атрымалі магчымасць абмяняцца думкамі па актуальных палітычных пытаннях, што спрыяла крытычнаму аналізу сітуацыі і фармуляванню больш аб'ектыўных пазіцый. У завяршэнне мерапрыемства былі праведзены трансгранічныя стратэгічна дэбаты, на якіх была сфармуляваная агульная «Дарожная карта – 2030».
Фарсайт-сесія прайшла ў духу ўзаемнай павагі і адкрытага абмеркавання прапанаваных праблем, паспрыяўшы умацаванню кантактаў прадстаўнікоў студэнцкай супольнасці Беларусі і Расіі.