30 сакавіка на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў адбылася чарговая сустрэча ў рамках клуба «Дзелавыя зносіны» пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка К. В. Грыневіч. Студэнты 3 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка» сустрэліся з Красоўскай Ірынай — дырэктарам прадпрыемства «Медзіалід», якое займаецца арганізацыяй правядзення перамоў і вырашэння складаных сітуацый з дапамогай медыяцыі.
Падчас гэтай сустрэчы студэнты з першых вуснаў даведаліся, якім чынам ажыццяўляецца працэдура медыяцыі і ў чым заключаюцца яе перавагі ў параўнанні з рашэннем канфліктаў шляхам судовага разбору.
Эксперт адзначыла, што медыяцыя ў Беларусі развіваецца цяпер досыць актыўна, таму студэнты, якіх прыцягвае праца з людзьмі, цалкам могуць знайсці сваё пакліканне ў гэтай сферы, бо каб працаваць медыятарам, неабавязкова мець адукацыю юрыста — дастаткова прайсці падрыхтоўку на спецыяльных курсах.
У працэсе гутаркі былі разгледжаны механізмы працы некаторых тэхнік медыяцыі, а таксама асноўныя этапы правядзення перамоў. Акрамя таго, госця падзялілася сваімі назіраннямі і адзначыла, што ёй нярэдка прыходзіцца мець справу з сітуацыямі, калі адзін з бакоў, уцягнутых у канфлікт, папросту не жадае супрацоўнічаць. Перашкоды эфектыўнаму правядзенню працэдуры часам стварае і эмацыйная няспеласць спрачальнікаў, аднак прафесіяналізм медыятара дапамагае дасягаць ў многіх выпадках канструктыўнага дыялогу.
Эксперт падкрэсліла, што медыяцыя шырока ўжываецца ў гаспадарчай сферы, напрыклад, для ўрэгулявання ўнутрыкарпаратыўных спрэчак паміж работнікамі, спрэчак паміж уладальнікамі кампаній з нагоды кіравання або паміж арганізацыямі і іх кліентамі. Так, многія транснацыянальныя кампаніі сёння аддаюць перавагу вырашаць канфлікты менавіта з дапамогай медыяцыі, бо яна дазваляе бакам прыйсці да максімальна выгаднага вырашэння праблемы з найменшымі выдаткамі, што асабліва цэніцца ў бізнэсе.
На ўсе пытанні аўдыторыі госця адказвала адкрыта і даступна, з задавальненнем дзялілася вопытам, распавядала пра рэальныя выпадкі са сваёй практыкі, дзякуючы чаму ў студэнтаў сфармавалася цалкам дакладнае ўяўленне пра спецыфіку і выклікі прафесіі медыятара.
Тэкст: Анастасія Дзяргая
Фота: Кацярына Пацюк