Запрашаем наведаць фотавыставу шведскіх фатографаў-аматараў Магнуса і Ені Ліндгрэн «Шведская мова ў Беларусі», якая пройдзе з 15 па 25 сакавіка 2019 г. у холе 9-га паверха факультэта міжнародных адносін БДУ.
У Беларусі шведская мова вывучаецца у трох універсітэтах (Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт) і Цэнтры шведскіх даследаванняў. Фотавыстава распавядае пра цікавасць да шведскай мовы і Швецыі ў нашай краіне.
Фотаздымкі былі зроблены ў чэрвені 2016 г. падчас моўных курсаў і сустрэч у Цэнтры шведскіх даследаванняў, вандровак па Мінску, а таксама ў час святкавання Мідсоммара (шведскага свята сярэдзіны лета), якое аб'ядноўвае ўсіх, хто цікавіцца краінамі Паўночнай Еўропы ў Беларусі.
Фотавыстава неаднаразова дзейнічала ў розных гарадах Швецыі, а ў Беларусі ўпершыню была паказана падчас канферэнцыі для выкладчыкаў шведскай мовы ў Мінску ў кастрычніку 2017 года.
З 29 га сакавіка па 18 красавіка 2019 г. фотавыстава "Шведская мова ў Беларусі» у пашыраным фармаце будзе прадстаўлена ў бібліятэцы населенага пункта Årjäng (Швецыя).
Фотапраект арганiзаваны Цэнтрам шведскіх даследаванняў (Мінск)