Каманда ФМА БДУ — нацыянальны чэмпіён Рэспублікі Беларусь у Конкурсе па міжнародным праве ім. Джэсапа (Jessup International Law Moot Court Competition). У красавіку каманда выступіць на міжнародных раўндах ў Вашынгтоне. Гэта стала магчымым дзякуючы перамозе ў нацыянальным адборачным этапе, які праходзіў 25—27 студзеня ў Мінску. У склад каманды ўвайшлі трэцякурсніцы Ганна Зыкава, Кацярына Лагвіновіч, Алісія Іванова і Алена Прыходзька.
У гэтым годзе каманда ФМА не толькі ўзяла тытул Нацыянальнага чэмпіёна, але таксама перамагла ў намінацыях «Лепшая пісьмовая пазіцыя» і «Лепшая заключная рэпліка». Акрамя таго, Кацярына Лагвіновіч і Алёна Прыходзька атрымалі ўзнагароды за 1-е і 2-е месца ў намінацыі «Лепшыя спікеры». З такімі вынікамі каманду ФМА БДУ можна смела назваць самай паспяховай камандай на нацыянальных раўндах гэтага года.
Каманду трэніруюць выпускніцы ФМА Таццяна Зінякова і Кацярына Шкарбута. Яшчэ будучы студэнткамі яны пакінулі яркі след у гісторыі ўдзелу Беларусі ў конкурсе ім. Джэсапа. У 2016 г. Таццяна і Кацярына ў складзе каманды ФМА выйшлі ў 1/8 конкурсу на раўндах у Вашынгтоне, патрапіўшы ў топ-16 наймацнейшых каманд свету па міжнароднаму публічнага праву. Прыемна, што нашы таленавітыя выпускніцы перадаюць свой вопыт і веды студэнтам, дазваляючы ФМА і далей дамагацца высокіх паказчыкаў.
За ўклад у развіццё конкурсу ім. Джэсапа ў Беларусі ўзнагароджана дацэнт кафедры міжнароднага права БДУ Алена Коннова — трэнер каманд ФМА 2011—2017 гг., арганізатар з боку акадэмічнага партнёра спаборніцтва, якім факультэт выступае другі год запар, прадстаўляючы сваю пляцоўку і рэсурсы для трэніровачных, папярэдніх раўндаў і паўфіналу спаборніцтва.
У гэтым годзе ў нацыянальным адборачным этапе за права прадстаўляць краіну змагаліся 12 каманд. Тэмы спаборніцтва ў гэтым годзе — адказнасць карпарацый за дэградацыю навакольнага асяроддзя, абарона знікаючых відаў жывёл, правы карэнных народаў. Нацыянальны адміністратар спаборніцтва — Асацыяцыя міжнароднага права і арбітражу (BILA). Пераможцаў аб'яўляла выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі студэнтаў-юрыстаў Леслі Бэн, якая ўпершыню прыняла ўдзел у нацыянальным адборачным этапе.
Жадаем удзельнікам каманды ўдачы на раўндах ў Вашынгтоне, дзе ім трэба будзе пазмагацца з камандамі з усяго свету!
{gallery}2019/2019_01_27{/gallery}