У рамках засваення зместу вучэбнай праграмы "Бяспека жыццядзейнасці чалавека" студэнты 1 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" ФМА прынялі ўдзел 19 і 26 красавіка 2019 года ў штогадовай вучэбнай канферэнцыі "Асновы энергазберажэння" (выкладчык – дац. Т. П. Дзюбкова-Жарнасек). Крэатыўным падыходам да арганізацыі мерапрыемства і карпатлівай падрыхтоўчай працай вызначыліся студэнты 8 групы. Мадэратары канферэнцыі Вераніка Анціпенка і Кацярына Хімарода падрыхтавалі для студэнтаў эўрыстычныя заданні (міні-крыжаванка, віктарына, гульня на праверку правільнасці або памылковасці сцвярджэнняў, кейс-заданне). Усе дакладчыкі прадставілі электронныя прэзентацыі, выкананыя ў Microsoft PowerPoint.
У пачатку канферэнцыі ў якасці «размінкі» студэнтам была прапанавана займальная тэматычная крыжаванка. Затым Марыя Казлоўцава выступіла з дакладам "Паліўна-энергетычныя рэсурсы Рэспублікі Беларусь" і дала вычарпальныя адказы на пытанні. Увазе студэнтаў мадэратарамі была прапанавана віктарына з альтэрнатыўнымі варыянтамі адказаў. У аўдыторыі панавала дружалюбная абстаноўка. Васіль Базегскі прадставіў даклад "Аднаўляльныя крыніцы энергіі ў краінах свету", які таксама выклікаў вялікую цікавасць. Прамежак паміж дакладамі мадэратары па-майстэрску запоўнілі гульнёй аб правільнасці і памылковасці меркаванняў па тэме энергазберажэння. Працягам папярэдняга дакладу стала выступленне Анастасіі Цішковай "Перспектывы выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі ў Рэспубліцы Беларусь". Затым пачаліся дэбаты па альтэрнатыўных крыніцах энергіі ў нашай краіне ( "за" ці "супраць"). Атмасфера ў аўдыторыі напальвалася, панаваў дух суперніцтва і імкнення даказаць прыярытэтнасць ўласнага меркавання на фоне паважлівага стаўлення да меркавання іншых выступоўцаў.
Другі семінарскі занятак (працяг канферэнцыі) пачалўся з прэзентацыі дакладу Аляксандра Дзяркача "Мясцовыя віды паліва ў Рэспубліцы Беларусь" і адказаў на пытанні аўдыторыі. З вялікай увагай ўдзельнікі канферэнцыі слухалі даклад Веранікі Гурэвіч аб выкарыстанні атамнай энергіі ў свеце на сучасным этапе. Вялікая колькасць прыкладаў, наглядных табліц і параўнанняў дапамаглі студэнтам пашырыць вобласць сваіх ведаў у гэтай сферы. Працягнула канферэнцыю выступленне Андрэя Сенчанка аб ходзе будаўніцтва першай БелАЭС і перспектывах выкарыстання атамнай энергіі ў Рэспубліцы Беларусь. Інфармацыя выклікала непадробную цікавасць аўдыторыі, дакладчыку паступіла маса пытанняў, на якія ён даў вычарпальныя адказы. У завяршэнне вучэбнай канферэнцыі мадэратарамі быў прапанаваны студэнтам для вырашэння кейс. Заданне заключалася ў складанні паслядоўнасці дзеянняў пры радыяцыйнай небяспецы. Для выпрацоўкі рашэння студэнты падзяліліся на дзве падгрупы і праца «закіпела». У становішчы актыўнай дыскусіі і проціборства меркаванняў было прынята аптымальнае рашэнне. Яго параўналі з варыянтам адказу, што змешчаны ў відэа МНС Беларусі.
Студэнты спецыяльнасці "Сусветная эканоміка" станоўча ацанілі дадзены фармат правядзення семінарскіх заняткаў па раздзеле "Асновы энергазберажэння" вучэбнай дысцыпліны «Бяспека жыццядзейнасці чалавека» і выказалі жаданне праводзіць вучэбную канферэнцыю ў далейшым.