10 снежня ў Доме Дружбы прайшло мерапрыемства, прысвечанае 90-годдзю Чынгіза Айтматава.
Чынгіз Айтматаў — народны пісьменнік Кыргызскай Рэспублікі, які 12 снежня адзначаў бы сваё 90-годдзе. У Доме Дружбы прысутнічалі прадстаўнікі дыпмісій розных краін, прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, а таксама студэнты і выкладчыкі беларускіх універсітэтаў, у тым ліку факультэта міжнародных адносін БДУ.
Перад аўдыторыяй выступіў з прамовай Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кыргызскай Рэспублікі Кубанычбек Касымавіч Амураліеў. Ён выказаў словы падзякі кыргызскага народа Чынгізу Айтматаву, падзякаваў Дому Дружбы за магчымасць арганізаваць дадзенае мерапрыемства і распавёў пра сваё стаўленне да творчасці пісьменніка. Публіцы былі паказаны ўрыўкі фільмаў, знятых па кнігах Чынгіза Айтматава, студэнты БДЭУ працытавалі ўрыўкі з яго твораў. Так як многія кнігі перакладзены больш, чым на 150 моваў свету, прачытаць урывак з кнігі «Матчына поле» на нямецкай мове змог прадстаўнік дыпмісіі Германіі ў Беларусі. Чынгіз Айтматаў быў вядомы ў Турцыі, дзе атрымаў мноства ўзнагарод і нават мог стаць лаўрэатам Нобелеўскай прэміі.
Чынгіз Айтматаў памёр у 2008 г., пакінуўшы будучым пакаленням такія творы з глыбокім сэнсам і непаўторнымі думкамі, як «Белы параход», «Плаха», «Джаміля», «Першы настаўнік» і іншыя.
У канцы вечара ў зале панавала цёплая атмасфера. Пасля мерапрыемства былі зроблены фатаграфія і кожны прысутны меў магчымасць пагаварыць з прадстаўнікамі Пасольства Кыргызскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь.
