Select your language

19 лістапада на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча студэнтаў і выкладчыкаў ФМА БДУ і МДЛУ з генеральным дырэктарам Нацыянальнага музея Султаната Аман Джамаль аль-Маасаві.

У Нацыянальным музеі Султаната Аман сабраны ключавыя аспекты культурнай спадчыны гэтай краіны. Музей быў створаны ў 2013 г., але сваю працу пачаў толькі ў 2016 г. У Амане музей мае незалежны статус — падпарадкоўваецца не Міністэрству культуры, а Савету Міністраў Султаната Амана, які ў сваю чаргу падпарадкоўваецца ЮНЕСКА. Па словах Джамаля аль-Маасаві, музей мае унікальнае значэнне. Па-першае, у ім сабраны экспанаты з усёй краіны, з прыватных калекцый, а таксама з аўкцыёнаў. Гэтыя экспанаты з'яўляюцца адзінымі ў сваім родзе і даюць найбольш поўнае ўяўленне аб культуры Амана. Па-другое, усе памяшканні з'яўляюцца адкрытымі для наведвальнікаў, гэта значыць усе экспанаты можна памацаць, а таксама прыняць удзел у іх рэстаўрацыі і кансервацыі. Не менш характэрным з'яўляецца і тое, што музей адаптаваны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі: тут упершыню быў ужыты шрыфт Брайля для арабскай вязі і ўсе экспанаты знаходзяцца ў даступных для агляду любога чалавека месцах. Безумоўна, увесь персанал навучаны  працы з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Стваральнікі і работнікі Нацыянальнага музея робяць аб'екты спадчыны Султаната Аман агульнадаступнымі: «Музей будаваўся для ўсіх. Для народа. Па-за залежнасцю ад узросту, магчымасцяў і гэтак далей. Гэта збудаванне, якое даступна ў фізічным і інтэлектуальным плане для ўсіх». Для прыцягнення моладзі былі створаны інтэрактыўныя панэлі, дзякуючы якім можна віртуальна даведвацца аб аб'ектах музея. Таксама ўнікальнасць музея падкрэслівае і той факт, што выкарыстоўваліся інвестыцыі для стварэння працоўных месцаў і праграм для маладых спецыялістаў, непасрэдна аманцаў, але без вопыту работы. Стваральнікі рабілі стаўку на «свежыя думкі, свежыя ідэі». Адначасова вялося супрацоўніцтва з акадэмікамі і прафесарамі мясцовых дзяржаўных універсітэтаў. Спадар Маасаві падкрэсліў, што «гэта той баланс паміж энергіяй маладых і вопытам старых спецыялістаў». Калі казаць пра сувязі ў культурным асяроддзі, то варта згадаць, што існуюць мемарандумы паміж Рэспублікай Беларусь і Султанатам Аман, падпісаныя ў сакавіку 2018 г. у Маскаце. У 2018 г. была праведзена першая міжнародная выстава ў Нацыянальным музеі Султаната Аман, якая прыехала туды з Беларусі. У 2019 г. плянуецца выстава ў Нацыянальным музеі мастацтваў Рэспублікі Беларусь, дзе будзе паказана каля 50 экспанатаў з Нацыянальнага музея Султаната Аман. У наступным годзе ў Амане плануюць правесці дзень культуры Рэспублікі Беларусь, а ў 2020 чакаецца арганізацыя падобнага мерапрыемства ў Мінску. Прадстаўнікі Амана разлічваюць на далейшае правядзенне і павелічэнне падобных мерапрыемстваў у нашай краіне.

У наш час актыўна наладжваюцца адносіны з арабскімі дзяржавамі, і, мы, прадстаўнікі факультэта міжнародных адносін, як ніхто іншы можам гэта адчуць на сабе: нашы студэнты ўжо вучаць арабскую мову і культуру гэтага краю. Але, як сказаў спадар Маасаві: «Патэнцыял вялікі, але праца маецца велічэзная».

Джамаль аль-Маасаві адказаў на пытанні студэнтаў і выкладчыкаў. У заключэнне ён пагутарыў на арабскай мове са студэнтамі-арабістамі двух універсітэтаў.
Мерапрыемства прайшло ў рамках дзейнасці Аманскага цэнтра арабскай мовы і культуры, адкрытага на ФМА БДУ ў красавіку 2018 г.

Арына Смалей, студэнтка 1 курса спецыяльнасці "Лінгвакраіназнаўства"

{gallery}2018/2018_11_19_02{/gallery}