Select your language

24 кастрычніка на кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў адбылася чарговая сустрэча ўдзельнікаў "Клуба дзелавых зносін" (кіраўнік клуба — старшы выкладчык К. В. Грыневіч) са студэнтамі 3 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка» і прадстаўніком ЗАТ «Чайна Мерчантс СіЭйчЭн-БіЭлАр Камерцыйнай і лагістычнай Кампані» — мэнэджэрам вышэйшай катэгорыі Чжан Лонам. Будучы выпускніком ФМА, Чжан Лон быў рады магчымасці выступіць перад студэнтамі alma mater.

Спачатку госць правёў кароткую прэзентацыю дзейнасці Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» і распавёў аб ключавых аспектах яго развіцця. Акцэнт быў зроблены на ўзаемавыгадным супрацоўніцтве, наяўнасці вялікага аб'ёму інвестыцый і ўнікальнасці геаграфічнага становішча нашай краіны, праз якую ў будучыні пройдуць чыгуначныя шляхі з Кітая ў Еўропу. Дакладчык таксама зазначыў, што для Кітая ўдзел у дадзеным праекце з'яўляецца неацэннай магчымасцю знайсці адданых саюзнікаў і падкрэсліў асаблівую значнасць Беларусі ў гэтым кантэксце.

Наступная частка выступлення была накіравана на разгляд культурнага фактару ў рамках беларуска-кітайскіх адносін. У ходзе жывой гутаркі ўдзельнікі спрабавалі высветліць асаблівасці нашых культур у дачыненні да асобасных і прафесійных каштоўнасцяў, да сям'і, паспяховай кар'еры. Важнае месца ў абмеркаванні займала пытанне эмацыйнага інтэлекту, і ў ходзе гутаркі ўдзельнікі прыйшлі да высновы, што людзям з нізкім узроўнем EQ дасягнуць высокіх вынікаў у працы нашмат складаней.

Не абыйшлося і без пытанняў, так як студэнтаў цікавіла асабістае стаўленне Чжан Лона да нашай краіны і людзей. Госць вельмі цёпла адазваўся аб беларусах, адзначаючы не толькі іх высокія прафесійныя якасці, але і ў цэлым чалавечую дабрыню, спагадлівасць, гатоўнасць прыйсці на дапамогу.

У канцы сустрэчы наш госць ад імя індустрыяльнага парку «Вялікі Камень» выказаў надзею на тое, што пасля заканчэння вучобы нашы студэнты далучацца да гэтага, несумненна, перспектыўнага праекта.

Тэкст: Анастасія Дзяргай, 3 курс, спецыяльнасць "Сусветная эканоміка"
Фота: Вольга Сініца, 3 курс, спецыяльнасць "Сусветная эканоміка" 

{gallery}2018/2018_10_24_02{/gallery}