Выкладчыкі і супрацоўнікі факультэта міжнародных адносін БДУ 27 кастрычніка 2018 года атрымалі магчымасць азнаёміцца з гісторыка-культурнымі помнікамі аднаго з найпрыгажэйшых рэгіёнаў Беларусі — паўднёва-заходняй часткі Віцебскай вобласці і самай поўначы Мінскай вобласці, дзе размешчаны найбуйнейшыя цэнтры сучаснага грамадскага і духоўнага жыцця нашай краіны.
Першай мясцінай стаў Будслаў — мястэчка на Мядзельшчыне, якое атрымала вядомасць далёка за межамі Беларусі дзякуючы Бернардынскаму касцёлу Ушэсця Найсвяцейшай Панны Марыі — унікальнаму помніку архітэктуры XVII — XVIII стст., дзе можна ўбачыць драўляны двух'ярусны алтар з дваццаццю пазалочанымі скульптурамі Святых Старога Запавету, выраблены ў 1643 г. У касцёле таксама захоўваецца цудатворны абраз Божай Маці Будслаўскай, які з'яўляецца адным з найбольш шануемых вернікамі. У Глыбокім ўдзельнікі адукацыйнай паездкі наведалі Сабор Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы — помнік архітэктуры XVII— XVIII стст. і цудоўны ўзор школы віленскага барока, у якім захоўваецца цудатворны абраз Божай Маці "Годна ёсць", падораны Сабору ў 1911 г. афонскімі манахамі, а таксама агледзелі іншыя славутасці гэтага гістарычнага і культурнага цэнтра заходняй часткі Віцебшчыны. У Удзела вялікую цікавасць выклікала наведванне Храма Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, які быў пабудаваны ў канцы XVIII ст., а ў 2000 г. вернуты пад кіраванне Ордэна францысканаў -канвентуалаў. У манастыры ўдзельнікі паездкі агледзелі традыцыйную батлейку — адзін з культурных сімвалаў нашай краіны. Заключным пунктам падарожжа стала наведванне Касцёла Святой Ганны ў Мосары. Ён стаў шырока вядомы па ўсёй Беларусі дзякуючы актыўнай грамадскай дзейнасці парафіяльнага святара Юзафа Булькі, які быў узнагароджаны у 2006 г. медалём Францыска Скарыны.
За арганізацыю адукацыйнай паездкі хацелася б шчыра падзякаваць прафбюро супрацоўнікаў ФМА і персанальна яго кіраўніку — старэйшаму выкладчыку кафедры раманскіх моў Наталлі Уладзіміраўне Маслоўскай.
{gallery}2018/2018_10_27{/gallery}