Рэгіён Балтыйскага мора — утварэнне складанае. Імкненне тэарэтыкаў і практыкаў сучаснай геапалітыкі звязаць геаграфічным крытэрыем краіны канцэптуальна розныя патрабуе комплекснага падыходу і пачуцця перспектывы. Савет дзяржаў Балтыйскага мора стаў адным з прыкладаў канструктыўнага ўзаемадзеяння паміж краінамі, рэлевантнымі паняццю "Балтыка".
У авангардзе інтэграцыйных працэсаў, што натуральна, знаходзяцца адукацыя і навука. У 1991 годзе па ініцыятыве Упсальскага ўніверсітэта (Швецыя) была створана Праграма «Балтыйскі ўніверсітэт» (Baltic University Programme).
На 2018 год сярод 230 ВНУ, афіляваных з гэтай праграмай, 29 знаходзяцца ў Рэспубліцы Беларусь.
З 2006 года на факультэце міжнародных адносін БДУ у рамках спецыялізацыі «Знешняя палітыка і дыпламатыя» выкладаецца спецкурс "Рэгіён Балтыйскага мора: культура, палітыка, грамадства", які ўваходзіць у структуру навучальнага плана праграмы «Балтыйскі ўніверсітэт».
Мэта курса суадносная з задачамі праекта рэгіяналізацыі: даследаванне механікі інтэграцыі, выяўленне адзіных праблемных вузлоў (асабліва ў сферах бяспекі, экалогіі, транспарту), вылучэнне сейсмічных працэсаў сацыяльнага характару на макраўзроўні. Курс ахоплівае шырокі спектр сацыялагічных і антрапалагічных дысцыплін, звязвае ў адзіны сістэмны комплекс культуру, эканоміку, палітыку рэтраспектыўна і перспектыўна. У рамках праграмы асаблівая ўвага надаецца пытанням ўстойлівага развіцця, аховы навакольнага асяроддзя і забеспячэнню экалагічнай бяспекі ў рэгіёне.
Па выніках праходжання курса «The Baltic Sea Region. Cultures, Politics, Societies» адбылося ўрачыстае ўручэнне дэканам факультэта міжнародных адносін Віктарам Генадзьевічам Шадурскім студэнтам сертыфікатаў BUP, як знака датычнасці да акадэмічнай супольнасці Балтыкі.
Ілля Ананка, Юрый Лытко, студэнты 4 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны"
