Select your language

Праект «Навуковы мікрафон» стартуе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Яго мэтай з'яўляецца папулярызацыя дзейнасці маладых навукоўцаў і аказанне дапамогі магістрантам, аспірантам у апрабацыі іх навуковых даследаванняў.

Праект ахоплівае два напрамкі: «Інтэрв'ю» і «Лекцыі». З маладымі навукоўцамі запісваецца відэасюжэт, у якім яны распавядаюць аб сваім прафесійным шляху і дзеляцца сакрэтамі поспеху ў навуковай дзейнасці. Мяркуецца, што іх практычны вопыт матывуе студэнтаў, якія пачынаюць сваю даследчую працу.
Праграма «Лекцыі» накіравана на стварэнне платформы для абмеркавання навуковых вынікаў, а таксама на ўдасканаленне навыкаў публічнага выступу, вядзення дыскусіі і самапрэзентацыі даследчыкаў.
Ужо 10 кастрычніка адбудзецца першая адкрытая лекцыя на тэму «Актуальныя праблемы ў галіне камерцыялізацыі інавацый» (вул. Ленінградская, 20, аўд. 601). Пачатак у 10.00. Яе спікерам выступіць аспірантка кафедры міжнародных эканамічных адносін факультэта міжнародных адносін БДУ Анастасія Кісялевіч. Яна раскажа аб навуковым падыходзе камерцыялізацыі інтэлектуальных вынікаў, механізмах манетызацыі навуковых распрацовак, а таксама пра тое, як быць не толькі разумнымі, але і багатымі.

Слухачамі могуць стаць усе жадаючыя студэнты і супрацоўнікі БДУ. Для гэтага неабходна папярэдне прайсці рэгістрацыю.

Арганізатарам і ініцыятарам праекту «Навуковы мікрафон БДУ» выступіў  Савет маладых вучоных БДУ.