На факультэце міжнародных адносін 1 кастрычніка 2018 года адбыўся міжнародны навукова-практычны семінар «Абмен ведамі аб прэвентыўнай дыпламатыі і медыяцыі з беларускай дыпламатычнай службай», арганізаваны Беларускім дзяржаўным універсітэтам сумесна з Еўрапейскім інстытутам міру (ЕІП) з удзелам прадстаўнікоў Міністэрства замежных спраў і іншых органаў дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь, вядучых беларускіх і замежных даследчыкаў, экспертаў і спецыялістаў-практыкаў.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнуўся намеснік Міністра замежных спраў Рэспублікі Беларусь А. І. Краўчанка, які пазначыў бягучыя задачы беларускай дыпламатыі па справе прэвентыўнай дыпламатыі і медыяцыі ў рэчышчы актуальных задач і кірункаў знешняй палітыкі Беларусі.
У ходзе семінара прагучалі змястоўныя даклады выбітных замежных экспертаў у сферы ўрэгулявання міжнародных канфліктаў. Багатым практычным вопытам правядзення складаных перамоваў і медыяцыі падзяліліся былы Спецыяльны прадстаўнік ЕС па блізкаўсходнім мірным працэсе і віцэ-прэзідэнт калегіі ЕІП М. Оттэ, былы Спецыяльны каардынатар ААН па блізкаўсходнім мірным працэсе, Асабісты прадстаўнік Генеральнага сакратара ААН у Арганізацыі вызвалення Палестыны і пасланец ААН па Усходняй Еўропе Р. Серры, былы Вярхоўны камісар АБСЕ па справах нацыянальных меншасцяў А. Торс, былы Міжнародны грамадзянскі прадстаўнік і Спецыяльны прадстаўнік ЕС у Косава, старэйшы дыпламатычны саветнік ЕІП П. Фейт, а таксама Спецыяльны прадстаўнік дзейснага Старшыні АБСЕ ва Украіне і ў Трохбаковай кантактнай групе (ТКГ) М. Сайдзік. З беларускага боку прагучаў даклад дацэнта кафедры міжнародных адносін Р. М. Турарбекавай аб асноўных напрамках і праблемах вывучэння і выкладання канфлікталогіі і тэорыі вядзення перамоваў у БДУ.
Напрыканцы семінара пад кіраўніцтвам дэкана ФМА прафесара В. Г. Шадурскага адбылася дыскусія замежных гасцей і студэнтаў спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны» (1-4 курс) і "Міжнароднае права" (1 курс), падчас якой студэнты прадэманстравалі значную цікавасць да праблематыкі сучасных міжнародных канфліктаў, да шляхоў іх прадухілення і мірнага ўрэгулявання, найбольш эфектыўных відаў і мадэляў медыяцыі.
У ходзе адкрытага дыялогу і абмену думкамі з вопытнымі замежнымі дыпламатамі, якія сёння прадстаўляюць Еўрапейскі інстытут міру, студэнты ФМА, будучыя спецыялісты ў сферы міжнародных адносін, атрымалі ўсебаковыя і вычарпальныя адказы на цэлы шэраг важных пытанняў, якія адлюстроўваюць розныя тэарэтычныя і практычныя аспекты сучаснай прэвентыўнай дыпламатыі і медыяцыі.
{gallery}2018/2018_10_01{/gallery}