Select your language

З 21 па 24 мая ў г. Лісабон (Партугалія) прайшоў Еўрапейскі раўнд міжнароднага конкурсу па касмічным праве ім. Манфрэда Лахса. Конкурс з'яўляецца самым прэстыжным студэнцкім спаборніцтвам па міжнародным касмічным праве ў свеце і складаецца з пяці раўндаў, якія праводзяцца практычна ва ўсіх частках свету (Еўропа, Амерыка, Афрыка, Азія, Ціхаакіянскі рэгіён) і сусветнага фіналу, які праходзіць у рамках Міжнароднага кангрэса астранаўтыкі.

Еўропу на сусветным фінале прадставіць толькі 1 каманда і гэта каманда факультэта міжнародных адносін БДУ!

Каманда ў складзе Дар'і Багдан (магістрантка кафедры міжнароднага права) і Алены Лаўрэнавай (студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Міжнароднае права") заняла 1 месца на Еўрапейскім раўндзе конкурсу.

Каманду падрыхтавалі Кацярына Кузняцова, старшы выкладчык кафедры міжнароднага права (трэнер каманды), і Таццяна Зінякова, выпускніца спецыяльнасці "Міжнароднае права"— 2017 (асістэнт трэнера).

Заданні ў рамках конкурсу ўключалі ў сябе падрыхтоўку пісьмовай і вуснай пазіцыі па прадстаўленай выдуманай справе ў рамках працэдуры Міжнароднага Суда ААН. Ад каманд патрабавалася падрыхтаваць прававыя пазіцыі ад імя дзяржавы-істца і дзяржавы-адказчыка.

Каманда ФМА БДУ стала першай камандай, якая прадставіла Беларусь на дадзеным конкурсе, і адразу атрымала пераканаўчую перамогу, пакінуўшы ззаду каманды з вядучых універсітэтаў Еўропы: Каралеўскі каледж Лондана (Вялікабрытанія), Ляйдзенскі ўніверсітэт (Нідэрланды), Універсітэт Брусэля (Бельгія), Універсітэт Генуі (Італія ), Універсітэт Ла Сапьенца (Іспанія), РУДН (Расія) і іншых.

Судзейскі склад быў прадстаўлены сусветна вядомымі навукоўцамі і юрыстамі-практыкамі, якія спецыялізуюцца ў галіне міжнароднага касмічнага права і прававога рэгулявання кіберпрасторы, уключаючы такіх як Н. Хедман (кіраўнік Камітэта па палітыцы і прававых пытаннях Упраўлення ААН па пытаннях касмічнай прасторы), А. Керэст (віцэ -прэзідэнт Еўрапейскага цэнтра па касмічным праве, сааўтар Кёльнскага каментара па касмічным праве — найбольш аўтарытэтнай навуковай працы ў гэтай сферы), Ф. фон дэр Дунк (член Рады Еўропейскага цэнтра па касмічным праве, кансультуе ўрады і міжнародныя арганізацыі па пытаннях прымянення міжнароднага касмічнага права). Суддзі высока ацанілі прафесіяналізм і ўзровень падрыхтоўкі нашых дзяўчат.

Сусветны фінал конкурсу адбудзецца ў г. Брэмен (Германія) з 2 па 4 кастрычніка 2018 г.

Каманда і трэнеры дзякуюць праграме MOST — праграме мабільнасці для мэтанакіраваных міжасобасных кантактаў — за аказаную камандзе фінансавую дапамогу.

Сардэчна віншуем дзяўчат з Перамогай і жадаем поспеху ў Брэмене!!!

{gallery}2018/2018_05_24{/gallery}