26 красавіка на ФМА адбылося завяршальнае ў 2017–2018 навучальным годзе масавае мерапрыемства творчага аб'яднання СТАРТ (Студэнцкае таварыства "Актыўныя. Рашучыя. Творчыя"). На гэты раз праведзена міжнародная гульня-імправізацыя «Сімуляванне перамоў: Дагавор аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі».
Удзельнікі імправізаванага перамоўнага працэсу прадстаўлялі дзяржавы, якія маюць непасрэднае дачыненне да распрацоўкі і ўладання ядзернай зброяй, а таксама экспертаў МАГАТЭ. У кожную з дзесяці дэлегацый уваходзілі кіраўнік дзяржавы, міністр абароны і эксперт па пытаннях ядзернай энергетыкі. Арганізатары перамоваў прапанавалі наступныя тэмы: перагляд Дамовы аб нераспаўсюджанні ядзернай зброі (ДНЯЗ) і статусу ядзерных дзяржаў, раззбраенне, прыпыненне распаўсюджвання ядзернай зброі, эфектыўнасць санкцыйных рэжыму ў адносінах да дзяржаў, якія распрацоўваюць ядзерную зброю.
Дыскусія складалася з трох этапаў. Спачатку лідэры дэлегацый прадставілі даклады па тэме і абазначылі пазіцыю сваіх краін адносна нераспаўсюджвання ядзернай зброі. На другім этапе дэлегацыі падзяліліся на дзве рабочыя групы: у першай абмяркоўваліся ваенныя аспекты захавання ДНЯЗ, у другой дыскутавалі дэлегаты-эксперты ў сферы ядзернай энергетыкі. На заключным этапе дэлегацыі ў поўным складзе з прадстаўнікамі МАГАТЭ ўдакладнілі пазіцыі сваіх дзяржаў, шукалі аб'ядноўваючыя рашэнні і распрацавалі фінальную рэзалюцыю. У прыватнасці, прапанавана пашырыць групу ядзерных дзяржаў за кошт прызнання ядзернымі дзяржавамі Індыі і Пакістана, павялічыць фінансаванне МАГАТЭ, пашырыўшы яго паўнамоцтвы.
Праблематыка гульні з першых хвілін захапіла ўдзельнікаў. Кожны этап перамоваў выклікаў непадробную цікавасць, у зале панавала напружаная атмасфера. Удзельнікі свабодна выказвалі свае меркаванні, адстойваючы інтарэсы выбраных краін. Гульня-сімуляцыя стала выдатнай магчымасцю для кожнага праявіць лідэрскія якасці, адтачыць навыкі вядзення перамоваў і бліснуць ведамі.
Усе ўдзельнікі: студэнты ФМА, юрфака, журфака БДУ, а таксама госці, студэнты БДЭУ і БДУІР, атрымалі памятныя сертыфікаты.
Па выніках галасавання сярод дэлегатаў прызнаны: лепшым кіраўніком дэлегацыі – Аляксей Стрэчань, які прадстаўляў МАГАТЭ, лепшым міністрам абароны – Дар'я Мажэйка (Іран), лепшым экспертам у галіне энергетыкі – Кацярына Лагвіновіч (Індыя). Тытул лепшай дэлегацыі на перамовах заваявалі Раміль Гусейнаў, Ганна Лукіна і Дар'я Мажэйка, якія прадстаўлялі дэлегацыю Ірана. Акрамя сертыфікатаў удзельнікаў, ім уручаны яшчэ і прызы.
Ініцыятыва і арганізацыя мерапрыемства належыць членам СТАРТа – студэнтам 3-га курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны" Раману Курбека, Лідзіі Леўчык, Багдану Пятрашка і Вікторыі Сляпцовай. Дапамогу ў рэалізацыі імправізаваных перамоваў аказалі члены Савета аб'яднання СТАРТ Станіслаў Вішнеўскі, Анастасія Каротчыкава, Артур Лазараў, Таццяна Рагозіна, Мікіта Цялегін. Аргкамітэт гульні ўзначаліў загадчык кафедры міжнародных адносін, прафесар М. Э. Часноўскі.
{gallery}2018/2018_04_26_02{/gallery}