Select your language

На кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў у рамках Тыдня навукі адбылося пасяджэнне клуба перакладчыкаў (навуковы кіраўнік дацэнт А. Ф. Дрозд) пры актыўным удзеле старэйшых выкладчыкаў Н. В. Фамічовай, В. Ф Курачак, Г. Г. Дзянісавай, дацэнта В. Ю. Шыманскай.

Запрошаным госцем стаў Аляксей Уладзіміравіч Удовічаў, дацэнт кафедры тэорыі і практыкі перакладу МДЛУ, перакладчык-сынхраніст, у паслужным спісе якога шматгадовае супрацоўніцтва з прадстаўніцтвам ААН у Беларусі.

Уменне госця ў легкай і займальнай форме распавесці пра самыя складаныя і супярэчлівыя пытанні перакладу, ілюструючы свой выступ выпадкамі з перакладчыцкай практыкі, выклікала жывы водгук у аўдыторыі. Аб актуальнасці закранутых пытанняў сведчыць працяглая дыскусія, у якой прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў і студэнты 3—5 курсаў спецыяльнасцяў "Міжнародны турызм" і "Сусветная эканоміка".

Сярод тэм, якія выклікалі найбольшую цікавасць аўдыторыі, варта назваць асаблівасці перакладчыцкай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь, стандарты міжнародных арганізацый у галіне перакладу, асаблівасці перакладу прафесійнай тэрміналогіі, значнасць міжкультурнай камунікацыі ў перакладчыцкай дзейнасці. Таксама на сустрэчы абмяркоўваліся новыя напрамкі ў тэорыі перакладу, найбольш распаўсюджаныя праблемы, абумоўленыя спецыфікай беларускіх рэалій і шляхі іх рашэння.

Кафедра англійскай мовы эканамічных спецыяльнасцяў і студэнты выказваюць падзяку Аляксею Уладзіміравічу за атрыманы вопыт і цёплую атмасферу.