Select your language

22 сакавіка на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча з нагоды 75-годдзя Хатынскай трагедыі. Хатынь — беларуская вёска, спаленая нацыстамі разам з жыхарамі, гэта сімвал трагедыі і болю мільёнаў людзей. Лёс Хатыні паўтарылі сотні беларускіх вёсак, многія з якіх так і не былі адноўлены з попелу.

У гэтую журботную дату перад студэнтамі выступіла старшыня Беларускай асацыяцыі былых вязняў германскіх канцлагераў і ўдзельнікаў антыфашысцкага супраціўленя ў гады Вялікай Айчыннай вайны Аляксандра Васільеўна Барысава. Аляксандра Васільеўна не першы раз наведвае ФМА БДУ і выступае перад моладдзю. Як адзначыў у пачатку мерапрыемства дэкан факультэта В. Г. Шадурскі, мы проста абавязаны праводзіць такія сустрэчы, каб паспець пачуць праўдзівыя гісторыі відавочцаў тых страшных падзей. Гэта трэба нашым сучаснікам, каб трагедыя прайшоўшый вайны ніколі не паўтарылася на нашай зямлі зноў.

На долю Аляксандры Васільеўны яшчэ ў дзіцячым узросце выпалі нечалавечыя выпрабаванні. Яна была вязніцай страшных нацысцкіх лагераў Майданэк і Асвенцым. Студэнты затаіўшы дыханне слухалі Аляксандру Васільеўну, якая падзялілася сваімі эмацыйнымі ўспамінамі пра выжыванне ў лагеры і ўмовах, у якіх яна апынулася разам са сваімі роднымі.

Барысава Аляксандра Васільеўна нарадзілася 24 мая 1936 года ў вёсцы Курына Суражскага раёна. Асабліва цёпла успамінае яна свой родны край і вёску: «Яна размяшчалася ў маляўнічым месцы на правым беразе Заходняй Дзвіны ў 25 кіламетрах ад Віцебска. Вёску сімвалічна падзяляў ручай, які працякаў у канцы нашага агарода». Калі пачалася вайна, яе бацька, маці і 15-гадовы брат сталі ўдзельнікамі супраціўлення ў складзе брыгады Райцава. Аляксандра Васільеўна ўспамінае, як мама дапамагала параненым салдатам і партызанам. Выразна ў яе памяці адбілася  і першая сустрэча з немцамі.

Асаблівым трагізмам напоўнены быў яе аповед пра тое, як яна са сваёй сям'ёй трапіла ў фашысцкі лагер. Аляксандра Васільеўна ўспамінае свае думкі, перажыванні, страхі, з якімі яна сутыкнулася: «Везлі ў таварных вагонах. Было цесна, душна. Хацелася піць».

Больш за ўсё студэнтаў уразілі гісторыі Аляксандры Васільеўны пра жыццё ў лагеры. Драўляныя баракі, у якіх заўсёды было холадна, беднае харчаванне, жудасныя ўмовы, у якіх даводзілася знаходзіцца, малююць нам сумную карціну, з якой сутыкнулася Аляксандра Васільеўна, будучы яшчэ зусім дзіцем. Усё гэта адмоўна адбівалася на здароўі вязняў, асабліва дзяцей. Страх, голад, холад і хваробы сталі іх сталымі спадарожнікамі. Вось як Аляксандра Васільеўна пра гэта кажа: «Мы былі вельмі слабыя. Было вельмі цяжка. Мы працягвалі заставацца біялагічным матэрыялам у медыцынскіх эксперыментах. На маім целе сляды ран».

Немагчыма было не заўважыць, як змяніўся твар Аляксандры Васільеўны, калі яна загаварыла аб доўгачаканым вызваленні: «І вось 27 студзеня ў маскхалатах з'явілася разведка. Сілы не было для радасці, але жаданне патрапіць на радзіму было вялікае. Мяне, напаўсляпую, пакрытую каростай, узяў на рукі малады салдат з перабінтаванай галавой, а я спявала яму лагерную песню».

Неверагодна важна памятаць пра гэтыя падзеі і шанаваць іх. І менавіта такія сустрэчы могуць дапамагчы нам у гэтым. Сама Аляксандра Васільеўна кажа: «Да канца дзён сваіх будзем удзячныя тым, хто нас ратаваў у Асвенцыме і савецкім салдатам-вызваліцелям». Таксама і мы павінны быць удзячныя нашым ветэранам, якія знаходзяць у сабе сілы, каб падзяліцца з намі сваімі ўспамінамі і распавесці пра гады вайны. Гэтая памяць асабліва каштоўная, і толькі ад нас залежыць, ці захаваецца яна ў часе.

Нам патрэбна памяць! Нам трэба ведаць пра тое, што было! Нам трэба рабіць усё, каб трагедыя не паўтарылася!