Select your language

Прайшоў першы тур віктарыны “Хто хоча стаць дыпламатам 2.0”. 23 сакавіка адбудзецца другі тур з удзелам студэнцкіх каманд спецыяльнасцей ФМА і госця – каманды ліцэя БДУ. 

16 сакавіка 2018 года на ФМА адбылася навукова-пазнавальная віктарына “Хто хоча стаць дыпламатам 2.0”. Першая падобная віктарына прайшла ў мінулым годзе і выклікала цікавасць сярод студэнтаў, якія імкнуцца набыць, а затым праверыць на інтэлектуальным рынзе свае веды, уменні і кампетэнцыі ў галіне міжнародных адносін. У конкурсе прынялі ўдзел 6 каманд студэнтаў 1-3 курсаў спецыяльнасці “Міжнародныя адносіны”, кожная з 4-х чалавек на чале з капітанам.

Адбыліся 4 раунды спаборніцтваў, сярод якіх дамашняе заданне і конкурс капітанаў. Гульня праводзілася па тэматычных блоках “Беларусь і свет”, “Сусветная палітыка і дыпламатыя”, “Сусветная культура”, “Міжнародныя арганізацыі”, “Геаграфія”, “Вядомыя асобы”. Кожная каманда ў ходзе гульні выбірала адзін з блокаў. Правільнасць і дакладнасць адказаў ацэньвала журы ў складзе 7 выкладчыкаў кафедраў міжнародных адносін і дыпламатычнай і консульскай службы на чале з праф. У. Е. Снапкоўскім.

У выніку ўпартай барацьбы перамогу атрымала каманда пад крыху таямнічай назвай “Мошкі”, што напэўна атаясамліваецца з карпатлівай падрыхтоўчай працай яе членаў (мошак) на чале з ветэранам спаборніцтваў – студэнтам 3 курса Раманам Курбекам. У конкурсе капітанаў перамог лідэр каманды “Друзья Друзя” студэнт 2 курса Дзмітрый Бялько, які падчас задання-рэваншу змог напісаць больш назваў Беларусі на замежных мовах, чым яго супернік.

Пераможцы віктарыны ўзнагароджаны дыпломамі і памятнымі прызамі (падборкай кніг па міжнародных адносінах, выдадзеных супрацоўнікамі кафедры міжнародных адносін). Усе каманды-ўдзельніцы атрымалі адпаведныя сертыфікаты і памятныя прызы. Вялікую падрыхтоўчую працу правёў Аргкамітэт віктарыны на чале з загадчыкам кафедры міжнародных адносін праф. М.Э. Часноўскім. Аснову Аргкамітэта склалі студэнты 4-га курса – ініцыятары нядаўна створанага аб’яднання СТАРТ (Студэнцкае Таварыства “Актыўныя, Рашучыя, Творчыя”).

У. Е. Снапкоўскі, старшыня журы, прафесар