21 лютага 2018 г. у гасцініцы «Пекін» адбылася сустрэча прадстаўнікоў моладзі Рэспублікі Беларусь з першым намеснікам Генеральнага сакратара ААН Амінай Махамед у рамках Рэгіянальнага форуму нацыянальных каардынатараў па Мэтам устойлівага развіцця. У сустрэчы прынялі ўдзел студэнты факультэта міжнародных адносін БДУ. Падчас сустрэчы прадстаўнікі моладзі атрымалі магчымасць паўдзельнічаць у дыскусіі з Амінай Махамед і задаць свае пытанні.
Аміна Махамед падкрэсліла важнасць правядзення сустрэч у такім фармаце, таму што яны даюць магчымасць выслухаць маладое пакаленне і ўлічваць яго думкі падчас сваёй працы. У пачатку сустрэчы яна папрасіла ўдзельнікаў падзяліцца сваімі думкамі па рабоце ААН і прапанаваць ідэі для паляпшэння работы Арганізацыі ў цэлым. Ёй расказалі пра адкрыццё ў Мінску школы ў гонар супрацоўніцы місіі ААН Рут Уолер, абмеркавалі ўмовы стварэння стартапа для стварэння сістэм для маніторынгу навакольнага асяроддзя і многае іншае. Кіраўнік Мадэлявання ААН на ФМА студэнт 2 курса Дзмітрый Бялько распавёў аб правядзенні Мадэлявання ў БДУ, а таксама задаў пытанне пра значэнне яго правядзення для моладзі. Аміна Махамед расказала, што часта сустракала ўдзельнікаў Мадэлявання, які праводзіцца ў Нігерыі, ужо прцуючымі ў якасці супрацоўнікаў у структурах ААН. Для яе вельмі важна, каб падчас такіх мерапрыемстваў людзі даведваліся для сябе шмат новага, у прыватнасці аб Мэтах ўстойлівага развіцця, і ў далейшым працавалі на карысць грамадства. Таксама Аміна Махамед звярнула ўвагу на тое, што ў арганізацыйным камітэце прысутнічаюць дзяўчыны, што вельмі ўзрадавала яе.
Першы намеснік Генеральнага сакратара надала ўвагу змене клімату, гендэрнай роўнасці і стварэнню справядлівых і эфектыўных інстытутаў. Яна падзялілася сваімі ўражаннямі пра паездку ў нашу краіну і асобна вылучыла наведванне Рэспубліканскага рэабілітацыйнага цэнтра для дзяцей-інвалідаў, назваўшы работу, што праводзіцца для стварэння годнага лячэння, узорнай для многіх краін. Нямала часу было нададзена праблеме барацьбы з ВІЧ. Аміна Махамед выказала ўпэўненасць, што праца па прадухіленні распаўсюджвання інфекцыі павінна класціся не толькі на розныя арганізацыі і дзяржаўныя органы, але і на саміх людзей.
Андрэй Татур, студэнт 2 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"
Дзмітрый Бялько, студэнт 2 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны"
