Select your language

2 лютага 2018 года на факультэце міжнародных адносін БДУ адбылося ўручэнне сертыфікатаў Праграмы Балтыйскага ўніверсітэта 40 студэнтам 4 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны", якія паказалі высокі ўзровень ведаў і паспяхова здалі экзамен па заканчэнні курса «The Baltic Sea Region. Cultures, Politics, Societies» (2016/2017 навучальны год) у рамках спецыялізацыі «Знешняя палітыка і дыпламатыя".

Праграма «Балтыйскі ўніверсітэт» (Baltic University Programme), створаная ў 1991 г. па ініцыятыве Упсальскага ўніверсітэта (Швецыя), на сённяшні дзень уяўляе сабой развітую сетку міжнароднага супрацоўніцтва ў акадэмічнай сферы і ахоплівае каля 230 ВНУ еўрапейскіх краін, якія ўваходзяць у рэгіён Балтыйскага мора ( Беларусь, Германія, Данія, Латвія, Літва, Нарвегія, Польшча, Славакія, Украіна, Фінляндыя, Чэхія, Швецыя і Эстонія). У цяперашні час у Праграме Балтыйскага ўніверсітэта задзейнічаны 29 беларускіх ВНУ. Галоўны прыярытэт Праграмы — вывучэнне актуальных пытанняў існавання і развіцця рэгіёну і краін, якія ў яго ўваходзяць.

Дысцыпліна «Рэгіён Балтыйскага мора: культура, палітыка, грамадства» (The Baltic Sea Region. Cultures, Politics, Societies) уваходзіць у лік спецыялізаваных курсаў Балтыйскага ўніверсітэта. Асноўная мэта — фарміраванне ў студэнтаў сістэматызаваных ведаў пра перадумовы, прынцыпы, інстытуты і механізмы функцыянавання рэгіёнаў як у цэлым, так і на канкрэтным прыкладзе ўзаемадзеяння 14 дзяржаў басейна Балтыкі. На ФМА БДУ гэтая дысцыпліна выкладаецца ўжо з 2006 г. і карыстаецца цікавасцю з боку студэнтаў. Найбольш актыўныя слухачы курса маюць магчымасць прыняць удзел у міжнародных мерапрыемствах (семінары, конкурсы і нават шматдзённае падарожжа на ветразніку па Балтыйскім моры).

Асаблівая ўвага ў працэсе праходжання курса надаецца супрацоўніцтву краін па такіх напрамках, як бяспека, экалогія, гандаль, транспарт, прамысловая кааперацыя і г.д., а таксама выбарчых сістэмах, партыйна-палітычных структурах, структурах дзяржаўнай улады ў краінах рэгіёну і іх параўнальнаму аналізу. Істотнае значэнне надаецца вывучэнню індэксаў, рознага роду якасных і колькасных паказчыкаў, якія дазваляюць адэкватна ацаніць рэйтынг краіны ў той ці іншай сферы, а таксама дынаміку развіцця краіны. Больш за тое, у рамках дысцыпліны важнае месца адводзіцца разгляду і аналізу моўнай палітыкі, ролі рэлігіі і царквы ў жыцці грамадства асобных краін рэгіёну.

На сучасным этапе ва ўмовах паскарэння глабалізацыі ўсё больш прыкметна праяўляюцца працэсы рэгіяналізацыі. Эксперты вядуць актыўную дыскусію пра тое, дапаўняюць адзін аднаго гэтыя працэсы, альбо яны з'яўляюцца супрацьлеглымі. Адной з найбольш прыкметных і бурна развіваючых супольнасцяў у Еўропе з'яўляецца Рэгіён Балтыйскага мора, у які, згодна з многімі крытэрыямі, уключаюць Рэспубліку Беларусь.

Тэрыторыя нашай краіны ўваходзіць у водападзел басейнаў Чорнага і Балтыйскага мораў. Многія беларускія рэкі нясуць свае воды ў Балтыйскае мора (Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг і інш.). Беларусь гістарычна, эканамічна, палітычна і культурна належыць да гэтага рэгіёну і развівае цесныя адносіны з суседнімі краінамі, у сувязі з чым вывучэнне існуючых працэсаў узаемадзеяння ў межах Балтыйскага рэгіёну на сучасным этапе не губляе сваёй актуальнасці.

Вольга Калінкова, студэнтка 4 курса спецыяльнасці "Міжнародныя адносіны"