5 снежня 2017 г. на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча Кіраўніка Аддзялення Пасольства Швейцарскай Канфедэрацыі ў Мінску Клода Альтэрмата са студэнтамі спецыяльнасцяў «Міжнародныя адносіны» і «Сусветная эканоміка». Адкрываючы мерапрыемства, дэкан факультэта, прафесар Віктар Генадзьевіч Шадурскі падкрэсліў важнасць далейшага развіцця беларуска-швейцарскіх адносін з улікам тых значных намаганняў, якія кіраўніцтва нашых дзяржаў прыкладае да забеспячэння міру і стабільнасці ў Еўропе.
Клод Альтэрмат даў ўсебаковую і разгорнутую характарыстыку гісторыі станаўлення дзяржаўнасці Швейцарыі і замацавання прынцыпу нейтралітэту ў яе знешняй палітыцы, сучаснага дзяржаўнага ладу і палітычнага ладу Швейцарскай Канфедэрацыі, надаўшы вялікую ўвагу асаблівасцям прыняцця рашэнняў у ходзе агульнанацыянальных і мясцовых рэферэндумаў. Яны з'яўляюцца унікальнай традыцыяй швейцарскай мадэлі дэмакратыі, якая дазваляе ўсім яе грамадзянам прымаць удзел у кіраванні краінай.
Лекцыя дыпламата выклікала вялікую цікавасць у студэнтаў, якія атрымалі дастаткова поўнае і ўсебаковае ўяўленне аб асноўных прынцыпах функцыянавання дзяржаўных і грамадскіх інстытутаў Швейцарыі, узаемадзеянні гэтай краіны з ЕС і іншымі міжнароднымі структурамі ў вырашэнні важных міжнародных праблем.
{gallery}2017/2017_12_05{/gallery}