28 лістапада на факультэце міжнародных адносін адбылася сустрэча з начальнікам упраўлення інфармацыі — прэс-сакратаром МЗС Беларусі Дзмітрыем Леанідавічам Мірончыкам. Паслухаць выступленне і задаць свае пытанні прыйшлі не толькі студэнты старэйшых курсаў, але і першакурснікі.
У сваёй прамове Дзмітрый Леанідавіч закрануў тэму знешняй палітыкі Рэспублікі Беларусь на сучасным этапе, а таксама распавёў пра асаблівасці працы аддзела ўпраўлення інфармацыі.
З першай часткі выступлення, дзе асвятляліся пытанні знешняй палітыкі, стала ясна, што адзін з найважнейшых накірункаў дзейнасці беларускага Міністэрства замежных спраў — гэта заваёва міжнародных рынкаў і забеспячэнне краіны бесперабойнай прэферэнцыйнай сыравінай. Характэрна, што Дзмітрый Леанідавіч распавёў пра гісторыю станаўлення МАЗа і БелАЗа, закрануўшы актуальныя пытанні іх эканамічнага патэнцыялу. Акрамя таго, па словах Дзмітрыя Мірончыка, МЗС не спыняецца на дасягнутым, а пастаянна шукае новыя рынкі збыту для навукаёмістай і тэхналагічнай прадукцыі.
Таксама была закранутая тэма глабальных праблем чалавецтва, у вырашэнні якіх Рэспубліка Беларусь прымае актыўны ўдзел: гэта гандаль людзьмі, тэрарызм і ваенныя канфлікты. За перыяд сваёй незалежнасці Беларусь не была ўцягнута ні ў адно ўзброенай супрацьстаянне, а гэта каштуе немалых дыпламатычных намаганняў.
Калі Дзмітрый Леанідавіч расказваў пра працу прэс-сакратара ў аддзеле ўпраўлення інфармацыі, ён прыводзіў шмат гісторый са сваёй практыкі і адзначыў, што заўсёды неабходна кіравацца логікай і аналізаваць сітуацыю з усіх бакоў для вырашэння праблем, якія ўзнікаюць. Д. Л. Мірончык адзначыў, што шмат выпускнікоў ФМА працуе ў Міністэрстве замежных спраў і кожны можа патрапіць туды на працу, патрэбна толькі правільная матывацыя і высокая падрыхтаванасць.
Анастасія Мірутка, студэнтка 3 курса спецыяльнасці "Сусветная эканоміка"